БЕЛАРУСКI ГIСТАРЫЧНЫ АГЛЯД


Том 3 Сшытак 2 (Снежань 1996)

RЬЯ, Hartmut, Herren und Diener. Die soziale und politische Mentalitдt des russischen Adels. 9.-17. Jahrhundert, Kцln; Weimar; Wien; Bцhlau 1994. IX, 540.

Трэба адразу агаварыць, што пад "рускiм дваранствам" Гартмут Рус разумее грамадскую элiту Русi Кiеўскай i Маскоўскай (да Пятра I). У адрозненне, скажам, ад М.Грушэўскага, П.Мiлюкова, Э.Кiнана i Р.Пайпса, якiя адмаўлялi гiстарычную пераемнасць па лiнii Кiеў - Масква, аўтар кнiгi лiчыць такi падыход цалкам правамерным. Не заглыбляючыся ў сутнасць праблемы, канстатую толькi культурна-геаграфiчную неадпаведнасць назвы даследавання яго зместу. Бо, як выглядае з агляду крынiцаў i надзвычай багатага спiсу лiтаратуры, познесярэднявечныя Беларусь i Украiна засталiся па-за ўвагай вучонага, але ж тут таксама было дваранства, якое называла сябе "народам рускiм", "шляхтай рускай". Прычым, у ментальным плане акурат яно iстотна адрознiвалася ад маскоўскага. У кожным разе, "рускае дваранства" дапятроўскiх часоў нельга было абмяжоўваць вялiкарускiм. "Руская" шляхта Беларусi i Украiны выглядала б у кнiзе iнакш.

Агаварыць гэта хацеў дзеля таго, каб адразу ўлiчваць рознiцу разумення Русi намi i заходнееўрапейскiм гiсторыкам ды больш сутнасна ацэньваць фундаментальную працу Руса. Яна ж з'яўляецца першым сучасным сiнтэтычным даследаваннем дваранства Русi i Расii ад яго фармавання да канца ХVII ст. Яго аўтар, прыват-дацэнт усходнееўрапейскай гiсторыi Мюнстэрскага ўнiверсiтэту, па многiх вартых публiкацыях даўно вядомы як дасведчаны i аўтарытэтны гiсторык-славiст. Новая кнiга ў пэўным сэнсе абагульняльная, вынiковая. У плане метадалагiчным Рус наследуе Норбэрта Элiаса1. Ён комплексна паказвае тое, што яшчэ не заслугоўвала самадастатковай увагi расiйскiх вучоных - яду дваран, iх пiтво, адзенне, жыллё, адукацыю, цырыманiялы, смерць, жанчын, каханак i г.д.

У грунтоўных уводзiнах нямецкi вучоны слушна заўважыў, што ў савецкай гiстарыяграфii дваранства амаль не даследавалася. Калi хто i звяртаўся да яго, дык у рамках старых (лiберальнага або марксiсцкага) iнтэрпрэтацыйных узораў. Да таго ж, каб быць вольным ад iдэалагiчнага прэсiнгу, у савецкiя часы многiя вучоныя абмяжоўвалiся безацэначнай дэталiзацыяй. Назапашана велiзарная фактаграфiя, штучна выдзелены асобныя перыяды, у якiх вузка спецыялiзуюцца гiсторыкi, але ад усяго гэтага мала толку.

У такiм кантэксце Рус ставiць задачу "вывесцi праблематыку дваранства з вузкай перспектывы фактаў i храналагiчнай абмежаванасцi эпохi ў шырокую дыскусiйную сферу", i пры гэтым не страцiць фактуры. Ён супраць спекуляцый, якiх хапала i ў заходняй гiстарыяграфii. Можна пагадзiцца з аўтарам, што мераць гiсторыю Расii толькi па еўрапейскiх мерках, як гэта часта рабiлася, наўрад цi карэктна. Напрыклад, адмаўляць само iснаванне арыстакратычнага дваранства ў Расii толькi таму, што яно мела не такiя станавыя прывiлеi, як на Захадзе. I Рус крытычна дыстанцуецца ад тых, хто абсалютызуе заходнюю перспектыву. Хоць ён i не адкiдае параўнання як метаду даследавання.

Гартмут Рус дэманструе вялiкi досвед i iнтуiцыю добрага знаўцы крынiц. Толькi глыбока абазнаны спецыялiст можа заўважыць, што "iснуе структурная залежнасць крынiц..., у якой праяўляецца гiстарычная структура часу"(30). I далей цалкам слушная думка пра тое, што навуковая сiнтэза, калi яна хоча быць нечым большым, чым проста нагрувашчваннем па магчымасцi большай колькасцi фактаў па прадмету, мусiць даваць комплексны агляд крынiцаў з улiкам гэтай залежнасцi.

Уражвае i веданне лiтаратуры прадмета. Характарызуючы папярэднюю гiстарыяграфiю, аўтар выдзяляе дарэвалюцыйную, савецкую i заходнюю плынi. У кожнай з iх iнтэрпрэтацыя дваранства i цэнтральнай улады залежала ад агульнай гiстарычнай ацэнкi пануючага стану. Вядома, што ў савецкiя часы вялiкiя князi i цары выдавалiся за прыхiльнiкаў пазiтыўна ацэненай дзяржаўнай цэнтралiзацыi, а яе працiўнiкi былi "рэакцыянерамi". Канцэнтрацыя ўлады i iмкненне да аўтакратыi падавалiся як прагрэсiўныя крокi дзяржаўнага развiцця. А немарксiсцкая навука, наадварот, цiкавiлася больш негатыўнымi наступствамi неабмежаванага самаўладдзя, "выраджэннем" улады з прычыны адсутнасцi ўсялякага грамадскага кантролю над ёй.

Яшчэ ва ўводзiнах аўтар канстатуе, што паўсюль у Еўропе асноўным знакам узаемадачыненняў памiж князямi i дваранствам былi кааперацыя i канфлiкт (Kooperation und Spannung), але калi на Захадзе канфлiктныя моманты здымалiся прынцыповым раздзяленнем палiтычных фукнкцый (мэтаў), дык у Расii пытанне аб альтэрнатыўнай камбiнацыi ўлады нiколi i не ставiлася (17). Як заўважыў М.Яблачкаў, тут заўсёды была самая шчыльная сувязь памiж тронам i дваранствам.

Аднак далей Гартмут Рус адыходзiць ад поглядаў яго заходнееўрапейскiх папярэднiкаў. Ён сыходзiць з таго, што гiсторыя Расii (цi Русi? Усё ж невядома, што аўтар мае на ўвазе. - Г.С.) не ёсць перманентным "неразвiццём"; ейная хада па-просту адпавядае зададзеным Расii ўмовам. Тэзу пра адсутнасць леннай сiстэмы ў Расii ён адмаўляе на той падставе, што яе асновай было фармальнае параўнанне рэалiй. Маўляў, нiхто ж не бярэцца сцвярджаць пра iдэнтычнасць развiцця феадалiзму на захадзе i ўсходзе Еўропы.

Развiваючы свой падыход, аўтар выстаўляе тэзу пра гiстарычныя фактары, якiя абумовiлi спецыфiку развiцця Расii, у прыватнасцi, аслабiлi дваранскую рэгiяналiзацыю i станавую карпаратыўнасць. Адным з iх ён лiчыць войны, уплыў якiх на ўнутраны лад дзяржавы займаў пакуль перыферыйнае месца ў навуковай аргументацыi. Так, але звязанае з гэтым наступнае сцверджанне вучонага выглядае прынамсi спрэчна. Ён пiша, што ў Еўропе няма iншай краiны, якая б перажывала такiя частыя i небяспечныя для iснавання самой дзяржавы войны, як Расiя (17-18). Гэта, маўляў, i тлумачыць яе асаблiвасцi: расiйскае дваранства да ХVII ст. уключна было (чытай - мусiла быць - Г.С.) ваеннай кастай, а iнакш "феадалiзаванае" i "рэгiяналiзаванае" грамадства i не змагло б супрацьстаяць знешняй небяспецы (сама тэза неаднакроць агучвалася расiйскай iдэалагiзаванай гiстарыяграфiяй, але ў кнiзе нямецкага гiсторыка яна выглядае досыць арыгiнальна). Цiкава, што ўжо праз некалькi старонак аўтар пiша пра пашырэнне межаў Расii. Дык цi не гэтае пашырэнне межаў было прычынай многiх згаданых войнаў? Як вядома, у ХVI-ХVII ст. абсалютная большасць войнаў iнiцыявалася самой Масквой. I калi сумарную працягласць ваенных гадоў разглядаць з улiкам дэмаграфiчна-тэрытарыяльнага патэнцыялу краiны, зусiм не Расiя будзе займаць першае месца. Тое ж тычыцца ваеннай пагрозы iснаванню самой дзяржаўнасцi.

Выкладаючы квiнтэсэнцыю даследавання, Рус адзначае, што вызначальнай прыкметай старога расiйскага (у аўтара "рускага", але падаецца, што тут дакладней будзе казаць толькi пра расiйскае) дваранства была служба i звязаная з ёй сацыяльная i палiтычная арыентацыя на цэнтр (у адрозненне ад карпаратыўных i антыцэнтралiстычных тэндэнцый рэгiянальна-станавага паходжання, уласцiвых элiце iншых краiн). Ён лiчыць, што ступень палiтычнай падпарадкаванасцi расiйскага дваранства звычайна перабольшвалася. Маўляў, не ўлiчвалася, што дваранства i манарх былi "палiтычна, матэрыяльна, ментальна i iдэйна шчыльна звязаныя адзiн з другiм" (472). Iх цеснае палiтычнае паплечнiцтва было агульнай характарыстыкай дапятроўскай эпохi. Вышэйшай i апошняй iнстанцыяй, рэгуляваўшай i блакаваўшай супрацьлеглыя iнтарэсы, заўсёды з'яўляўся манарх. Для таго, каб рашэннi ўладара ўспрымалiся як праява вышэйшай волi, бясспрэчнай "царскай мудрасцi", яго постаць узвысiлi i надзялiлi харызмай. Спецыфiка палiтычнай сацыялiзацыi расiйскiх грамадскiх вярхоў у тым, што iх памкненнi абмежаваць прэрагатывы ўладара былi надзвычай слабыя, што, зрэшты, адпавядала, на думку вучонага, характэрнай для гэтага класу кансерватыўнай iдэялогii, уяўленням пра безканфлiктнасць стасункаў памiж уладай i асобай падуладнага. "Прынцыпова нiводнага разу не аспрэчаны кансерватыўны альянс памiж тронам i дваранствам ды адпаведны яму патрыярхальна-аўтарытарны палiтычны менталiтэт гармонii знаходзiлiся ў прычыннай i вiдавочнай гiстарычнай сувязi з перажываўшым усе часы традыцыйным расiйскiм грамадскiм ладам" (474), - сканчае Гартмут Рус. У iншым месцы ён пiша, што дзякуючы такому становiшчу дваранства (яго зямельны фонд быў прысвоены самадзержцам, лiчыўся дзяржаўным) Расiя i ўнiкла лёсу Святой Рымскай iмперыi ды Рэчы Паспалiтай, падзеленых суседнiмi дзяржавамi (171). Словам, ратавала моцная цэнтральная ўлада. З iншага боку, вучоны цвердзiць, што расiйскае дваранства не было такiм слабым, як можа выглядаць з яго палiтычнай бяспраўнасцi i адсутнасцi карпаратыўнай замкнутасцi. На ягоную думку, як грамадская страта дваранства Расii перажыло значна менш разрываў, пераменаў i крызiсаў, чым дваранства многiх iншых краiн Еўропы.

Не выпадае пералiчваць дробныя заўвагi. Хiба толькi згадаць колькi недакладнасцяў метадычнага плану, напрыклад тое, што ёсць раздзел "Да паняцця 'дваранства' у Расii", але нiдзе не ўведзена дакладная геаграфiчна-прасторавая акрэсленасць прадмету даследавання. "Формы жыцця" разглядаюцца ў асноўным на матэрыялах ХVII ст., але гэта для Расii ўжо iншая эпоха. Новае з'яўлялася ў гады царавання Аляксея Мiхайлавiча, санкцыяваўшага адносную "вестэрнiзацыю" краiны.

Салiдная праца Гартмута Руса вельмi адметная. Яна лiтаральна перапоўнена контраверсiямi, рэвiзiямi, новымi ацэнкамi i падыходамi. I, як на мой погляд, празмерна аптымiстычным бачаннем расiйскай рэтраспектывы.

Генадзь Сагановiч


Змест нумара | Беларускi Гiстарычны Агляд

Partners:
Face.by Social Network
Face.by