БЕЛАРУСКI ГIСТАРЫЧНЫ АГЛЯД


Том 3 Сшытак 2 (Снежань 1996)

Узнаўленне публiкацыi Метрыкi ВКЛ

Апублiкавана чарговая кнiга Метрыкi Вялiкага Княства Лiтоўскага*. Архiў канцылярыi вялiкага князя лiтоўскага, што фармаваўся ў ХV-ХVIII ст., з'яўляецца адным з самых важных комплексаў крынiц па гiсторыi Вялiкага Княства Лiтоўскага, Рускага, Жамойцкага i далей (ВКЛ), у складзе якога да Люблiнскай унii 1569 г. знаходзiлася i ўся сучасная тэрыторыя Беларусi. У гiстарычнай лiтаратуры яго традыцыйна ўмоўна называюць "Лiтоўскай Метрыкай". На нашу думку, навукова больш дакладнай з'яўляецца назва "Метрыка ВКЛ". Яе складаюць амаль выключна кнiгi афiцыйных копiй актаў, што афармлялiся ў канцылярыi вялiкага князя або паступалi ў яе.

Вывучэнне i выданне матэрыялаў Метрыкi ВКЛ у краiнах, што iснавалi цi iснуюць на былой тэрыторыi ВКЛ, мае ўжо двухвяковую традыцыю1. Найбольш значнымi дасягненнямi ў справе ўвядзення iх ў шырокi навуковы абарот можна лiчыць публiкацыi некалькiх найстаражытнейшых кнiг Метрыкi цалкам2. Аднак з канца 1920-х г. з прычыны перш за ўсё нiгiлiстычных адносiн колiшнiх камунiстычных iдэолагаў да навуковай публiкацыi крынiц па сярэднявечнай гiсторыi народаў былога СССР выданне кнiг Метрыкi, якая з 1887 г. захоўваецца ў Маскве, было спынена.

З канца 70-х г. з iнiцыятывы i пад кiраўнiцтвам У.Ц. Пашуты пачала ажыццяўляцца мiжнародная навуковая праграма, адной з мэтаў якой стала ўзнаўленне публiкацыi кнiг Метрыкi ВКЛ3. Нягледзячы на кардынальныя палiтычныя перамены ў Усходняй Еўропе, якiя iстотна ўскладнiлi навуковае супрацоўнiцтва гiсторыкаў Беларусi, Лiтвы, Польшчы, Расii, Украiны i iншых краiн, названая праграма паступова рэалiзуецца. Найбольшых поспехаў пакуль што дасягнулi гiсторыкi Польшчы i Лiтвы, якiя змаглi ў складаных фiнансавых умовах апошнiх гадоў падрыхтаваць да выдання i апублiкаваць некалькi розных кнiг Метрыкi ВКЛ, дзве з якiх праз гiстарычныя перыпетыi апынулiся ў Польшчы4.

Даўно i добра ведаючы акты шостай кнiгi судовых спраў Метрыкi ВКЛ (цяпер фонд 389 Расiйскага дзяржаўнага архiва старажытных актаў, вопiс 1, адзiнка захавання 225), выкажам свае меркаваннi аб некаторых вартасцях i хiбах публiкацыi менавiта гэтай кнiгi. Яна рыхтавалася групай супрацоўнiкаў Вiленскага унiверсiтэта на чале з С.А.Лазуткам на працягу амаль дзесяцi гадоў.

Том пачынаецца "Зместам" на лiтоўскай, рускай i ангельскай мовах. Далей iдуць вялiкiя грунтоўныя "Уводзiны" (138 старонак, гэта больш за чвэрць усяго аб'ёму выдання) па-лiтоўску i руску, аўтарамi якiх з'яўляюцца С. Лазутка, I. Валiканiтэ i I. Карпавiчэне. У iх асвятляюцца фармуляр судовых спраў апублiкаванай кнiгi, а таксама значэнне iх як гiстарычных крынiц па судаводству, землеўладаннi, сямейным праве, запрыгоньваннi сялянства, закладзе i многiх iншых з'явах i працэсах штодзённага жыцця.

З назiранняў аўтараў "Уводзiн" асаблiвай увагi вартыя тыя, якiя тычацца недастаткова высветленых пытанняў. Спынiмся на дыскусiйных i таму найбольш актуальных.

Аўтары схiляюцца да таго, што спiс вядомай "Уставы двароў..." 1529 г. у 225-й кнiзе (№291) яе першымi публiкатарамi памылкова датаваны 1542 г. Сцвярджаючы, што ў далейшым на гэтай падставе, некрытычна ўспрыняўшы такое датаванне, гiсторыкi нiбыта адкрылi "новую" "Уставу..." 1542 г. , канкрэтных спасылак на адпаведныя даследаваннi яны не прыводзяць. Не прыводзяць таму, што нiхто з даследчыкаў недатаваную "Уставу...", якая ў 225-й кнiзе размешчана сярод спраў 1542 г., "новай" не лiчыў. Нават У.I.Пiчэта, памыляючыся ў яе датаваннi, вызначаў яе як другое выданне "Уставы..." 1529 г., - "... притом без всяких изменений"5 . Насуперак сваiм папярэднiкам, аўтары лiчаць гэты варыянт "Уставы..." 1529 г. толькi ранейшым спiсам таго ж дакумента, апублiкаванага ў "Актах, относящихся к истории Западной России...". Але канкрэтных аргументаў яны не прыводзяць (XX-XXI, LXXIII-LXXIV). На нашу думку, дадзены спiс -- яшчэ адна не зусiм адэкватная копiя арыгiнала "Уставы..." 1529 г. Такiя копii адных i тых жа актаў у розных кнiгах Метрыкi сустракаюцца нярэдка6.

Недастаткова высветленым з'яўляецца i пытанне ступенi рэалiзацыi нормы Статута ВКЛ 1529 г. (VI-2) аб тым, "иж воеводове, старосты и державцы наши мають кождый у своем повете обрати двух земянинов, людей добрых а годных веры, и ку присязе привести и установити...", каб яны ажыццяўлялi судаводства пры адсутнасцi кiраўнiкоў паветаў разам з iх намеснiкамi7. Аўтары "Уводзiн", звярнуўшы ўвагу на гэтае пытанне, не змаглi вырашыць яго дастаткова поўна i ясна (XXIX-XXXI). Абумоўлена гэта, у прыватнасцi, тым, што яны, вiдаць, канкрэтна не ўяўляюць розныя судовыя кампетэнцыi Мацея Войцехавiча Янавiча як маршалка, як вiцебскага ваяводы, як ваўкавыйскага дзяржаўцы i г.д. Менавiта таму ў кнiзе адрознiваюцца яго судовыя справы маршалкоўскiя (№1 i iнш.), вiцебскiя (№191 i iнш.), ваўкавыйскiя (№141 i iнш.) ды iншыя (116 i iнш.). Варта таксама падкрэслiць, што, як сведчаць справы 225-й кнiгi, па-першае, у яго кнiгу ўпiсвалiся толькi тыя павятовыя справы, якiя разглядаў ён цi па яго распараджэннi ягоныя намеснiкi; па-другое, намеснiкi кiраўнiкоў паветаў, якiя былi абавязаны судзiць разам з павятовымi суддзямi, вялi свае асобныя кнiгi (№203, 211, 239); i, па-трэцяе, кiраўнiкi паветаў маглi разглядаць судовыя справы мясцовай шляхты без абавязковага ўдзелу павятовых суддзяў. На жаль, у 225-ю кнiгу не трапiла нiводная судовая справа павятовых намеснiкаў i суддзяў, калi не лiчыць некалькi тых, што разглядалiся гэтымi службовымi асобамi па даручэнню ("за росказаньем") пана М.В. Янавiча (№210, 395 i iнш.).

Адно з важных пытанняў, якое грунтоўна асвятляюць аўтары "Уводзiн" на падставе публiкаваных спраў, - прававая база дзейнасцi суддзяў. Адзначаецца, што асноўнымi нормамi, якiмi кiравалiся суддзi, былi "право земское", г.зн. Статут ВКЛ 1529 г. ., а таксама звычаёвае права ("обычаи права"), некаторыя нормы якога не былi ўключаны ў гэты Статут, але тым не менш дзейнiчалi. Аўтары слушна падкрэслiваюць, што цытаваныя ў справах нормы Статута ў сапраўднасцi адпавядаюць не iх лiтаральнаму тэксту, а сутнасцi (XV, LII-LIX).

Звяртае на сябе ўвагу нязгода аўтараў з меркаваннем С. Барысёнка аб тым, што ў захаваных спiсах Статута 1529 г. адсутнiчаюць многiя артыкулы, на якiя спасылаюцца суддзi (LVII). Аднак, як нам уяўляецца, аргументацыя аўтараў непераканаўчая: канстатаваная iмi адпаведнасць многiх спасылак суддзяў на Статут 1529 г. яго артыкулам не здымае пытанне тых артыкулаў, якiя прымянялiся суддзямi, але адсутнiчаюць у цяпер вядомых яго спiсах. Больш за тое, аўтары не знайшлi ў Статуце ВКЛ 1529 г. артыкула, якi сапраўды адпавядае працытаванай М.В. Янавiчам норме "Статута прав земских": "Естли бы который чоловек за паном своим десет лет жыл, таковый вже маеть быти за отчыча" (XCVI, №295, 212)8. Такiм чынам, гэтая важная праблема застаецца актуальнай.

Ва "Уводзiнах" аўтары закранулi i дыскусiйнае пытанне адносна характару "рускай" мовы, на якой напiсаны ўсе справы 225-й кнiгi (СXIX-СXXII). У адрозненне ад некаторых папярэднiкаў, вызначаўшых яе як "беларускую", яны, правiльна канстатуючы моцныя адрозненнi яе ад сучаснай беларускай мовы, лiчаць, што больш правiльна называць яе "старабеларускай". Як вядома, такi погляд не падзяляе большасць лiтоўскiх i ўкраiнскiх гiсторыкаў. Па нашаму меркаванню, "руская" мова, на якой у XV-XVI ст. вялося справаводства ва ўсiх этнiчна розных рэгiёнах ВКЛ, тады яшчэ не стала нi беларускай, нi ўкраiнскай, нi рускай: яна павiнна называцца так, як i ў крынiцах. Выклiкае сумненне i сцверджэнне аўтараў пра тое, што нiбыта "большасць дзецкiх, пiсараў i iншых ураднiкаў суда лiтоўскай мовы не ведала..." (CXXII). Адносна этнiчна лiтоўскай тэрыторыi такое меркаванне наўрад цi справядлiвае.

Завяршаюцца "Уводзiны" характарыстыкай палеаграфii 225-й кнiгi Метрыкi ВКЛ, а таксама яе пiсьма i прынцыпаў транскрыпцыi. Так што яны самi па сабе з'яўляюцца цiкавым даследаваннем, у якiм на матэрыялах судовых спраў 225-й кнiгi Метрыкi аўтары даволi канкрэтна асвятлiлi шмат якiя старонкi штодзённага грамадскага жыцця ВКЛ другой чвэрцi XVI ст.

Безумоўна, для навукi найбольшую каштоўнасць маюць тэксты 418 разнастайных спраў гэтага выдання (23-278), якiя складаюць больш за палову аб'ёму тома. Гэтыя справы, пераважна судовыя, захавалiся ў кнiзе пана Мацея Войцехавiча Янавiча за 1528-48 г., бо менавiта ён сам цi з iншымi службовымi асобамi разглядаў iх у адпаведнасцi са сваiмi прэрагатывамi або па даручэнню вялiкага князя. Тэкстам папярэднiчае старажытны "Реестр списаня на кротце для прудшого найденья справ... ", якi ўяўляе сабой пералiк назваў усiх спраў з пазнакай нумароў лiстоў iх размяшчэння ў кнiзе (1-22). Амаль iдэнтычныя назвы падаюцца перад кожнай справай. Яны перадаюць сутнасць спраў вельмi сцiсла: хто, супраць каго i пра што. У iх, як правiла, характарызуецца сацыяльны статус названых асобаў, а таксама месца iх пражывання (ваяводства, павет, воласць, горад, мястэчка, сяло, маёнтак i г.д.). На жаль, старажытная назва не дае поўнай дакладнай iнфармацыi пра канкрэтны змест справы. Напрыклад, справа №295 называецца "Подданые Семена Зъялевы на иймя Хома Стефанович, а Кузма Пашукович а Гапон Масконович Грыцкевичы с паном Семеном Зъялом, паном своим, о розные крывды, им почыненые" (цытуецца паводле арыгiналу). Наша ж назва гэтага важнага судовага лiста, копiя якога па вiне выдавецтва была выключана з нашай манаграфii9, здаецца, больш канкрэтна адлюстроўвае сутнасць справы: "1542 г., 27 мая. Волковыйск. Судебный лист по иску о воле крестьян Грицкевичей из села Грицки Волковыйского повета, пожалованных господарскому дворянину Семену Зъялу, присуждающий их ему в качестве крепостных на основе десятилетнего принципа давности проживания в имении пана". Менавiта такiмi, "аналiтычнымi" павiнны быць назвы спраў у навуковых публiкацыях крынiц па гiсторыi ВКЛ. Аднак аўтары дадзенага выдання свядома наогул адмовiлiся ад аўтарскiх назваў, палiчыўшы iх залiшнiмi. Гэта матывуецца спрэчным аргументам: маўляў, усе справы "маюць цалкам здавальняючыя i зразумелыя саманазвы" (CXLIV). Аўтары, адмовiўшыся ад навуковых назваў публiкаваных спраў, пайшлi самым лёгкiм шляхам, чым парушылi адну з асноўных археаграфiчных традыцый.

Пераходзячы да кароткага агляду зместу спраў, варта падкрэслiць тое, што, па нашых прыкладных падлiках, амаль палова iх (больш за 200) тычыцца розных канфлiктаў, меўшых месца на сучаснай тэрыторыi Беларусi. Частка iх была разгледжана М.В.Янавiчам як гаспадарскiм маршалкам, частка як вiцебскiм ваяводам, а iншыя -- як ваўкавыйскiм дзяржаўцам, як уласнiкам пэўных маёнткаў i г.д. Асаблiва значная колькасць судовых спраў звязана з Ваўкавыйскiм паветам. Нас, вядома, цiкавяць перш за ўсё справы, што тычацца мiнулага Беларусi. Не маючы магчымасцi даць iх поўны агляд, абмяжуемся пэўнай увагай толькi да некаторых, што ўтрымлiваюць каштоўныя звесткi пра становiшча сялян. Так, справа №10 сведчыць, што феадальнае права i практыка разглядалi селянiна як рэч, поўную ўласнасць пана (як i нявольную чэлядзь, рабоў). У iншых справах ёсць канкрэтныя звесткi пра склад сям'i i гаспадарку прыгоннага селянiна, якi лiчыўся рухомай маёмасцю i таму з'яўляўся аб'ектам маёмасных аперацый ягонага пана-баярына (№70, 71, 82, 85 i iнш).

27 сакавiка 1530 г. у Ваўкавыйску разглядалася скарга двух сялян маёнтка Лапенiца, што належаў М.В. Янавiчу, на ваўкавыйскага гаспадарскага баярына Багдана Янавiча Карэевiча. М.В. Янавiч мог разглядаць гэтую справу i як ваўкавыйскi дзяржаўца, i як уласнiк склаўшых скаргу. Але ён, каб прадэманстраваць сваю аб'ектыўнасць, запрасiў у памочнiкi гаспадарскiх дваран братоў Васiля i Захара Трызнаў i Яраслава Барысавiча. Сутнасць скаргi сялян была ў наступным. Калi яны iшлi з "роботы панской", убачылi ў панскiм ставе баярына Карэевiча, якi ў чоўне лавiў рыбу. Сяляне пачалi дакараць баярына за лоўлю рыбы ў чужым ставе, а ён збiў iх. У адпаведнасцi са Статутам 1529 г. (XI-2,4), суддзi абавязалi баярына заплацiць сялянам кару: дзесятнiку - 3 рублi (300) грошаў, а "чоловеку тяглому" - 50 грошаў (№155).

Справа ад 30 кастрычнiка 1535 г., якая разглядалася ў Вiцебску, сведчыць аб тым, што сяляне маёнтка Тулава княгiнi Васiльевай Жылiнскай, як i iншых маёнткаў, для пазначэння сваiх бортных дрэваў карысталiся "клейнамi", г.зн. своеасаблiвымi знакамi прыналежнасцi. За псаванне такiх знакаў на дрэвах прадугледжвалася кара ў адну капу грошаў (№193; Статут 1529 г. IX-13,14).

Пра асаблiва цяжкiя ўмовы жыцця сялян i, у прыватнасцi, iх землекарыстання ў многiх маёнтках сведчыць справа ад 20 мая 1536 г., што заведзеная ў сувязi з вострым зямельным канфлiктам памiж уласнiкам сёлаў Ачыжа i Балоча ў Свiслацкай воласцi Iванам Васiлевiчам Лядскiм ды ўласнiцамi сёлаў Турын i Пухавiчы панямi Янушавай Станiслававiчавай Косцевiча-Марынай i Венслававай Станiслававiча Косцевiча-Ганнай. Iмкнучыся пашырыць свае ўладаннi, абодва бакi загадвалi сваiм сялянам парушаць межы суседскiх маёнткаў. Шматгадовы крывавы канфлiкт, ад якога пакутавалi толькi сяляне, скончыўся згодай феадалаў: узаемным дараваннем усiх шкод. Старажытныя межы маёнткаў, згодна з пастановай высокапастаўленых "едначов", уласнiкi абавязавалiся аднавiць з дапамогай "судей полюбовных" (№207).

У шэрагу судовых спраў утрымлiваюцца цiкавыя звесткi пра зямельныя аперацыi, асаблiва заклады ("заставы") у асноўным гаспадарскiх сялян. Феадальнае звычаёвае права i Статут ВКЛ 1529 г. пад пагрозай скасавання без кампенсацыi выплачаных грошай забаранялi падобныя аперацыi без дазволу ўласнiкаў памiж сялянамi розных паноў, а таксама памiж сялянамi i прадстаўнiкамi прывiлеяваных станаў (VIII-21). Аднак, насуперак гэтаму, пры недастаткова пiльным кантролi з боку адмiнiстрацыi маёнткаў, асаблiва дзяржаўных, сяляне не толькi закладалi зямлю, але iншы раз i прадавалi яе. Звычайна такiя аперацыi афармлялiся належным чынам (№159).

14 мая 1530 г. у Свiслачы была аформлена дамова, згодна з якой група гаспадарскiх сялян з сяла Клепачы Ваўкавыйскай воласцi, сваякоў-"потужников", звязаных агульнымi павiннасцямi ("службой"), заставiла пану Васiлю Карпавiчу Трызне за 2 капы (120) грошаў сваё поле i дуброву каля ракi Свiслач. Дагаворам прадугледжвалася няўстойка ("вина") за яго парушэнне з боку сялян: ваўкавыйскаму дзяржаўцу 3 рублi (300) грошаў, яго ўраднiку рубель (100) грошай, а пану "грош на грош". Сапраўднасць дадзенай аперацыi пацвярджалася адбiткамi пячатак прысутных пры яе заключэннi сведкаў -- гаспадарскiх дваран паноў Федара Бакi i Iвана Жынева. Аднак праз некалькi гадоў сяляне, адмаўляючы сваё дачыненне да гэтай справы, не вярнуўшы грошы, адабралi раней закладзеную зямлю ў сыноў крэдытара паноў Апанаса Васiлевiча Трызны i яго братоў. У 1542 г. суддзя, высветлiўшы сутнасць справы, у поўнай адпаведнасцi з "листом вызнаным" сялян, пастанавiў: "Маеть Офанасей - тое поле и дуброву все сполна держати до тых часов, поки ему оны тыи грошы отдадуть" (№307, 224, 225, 226).

У кастрычнiку 1533 г. у Вiльнi пан Мiкалай Станiслававiч Глябовiч, полацкi ваяводзiч, скардзiўся на пана Станiслава Давойну за тое, што служэбнiк апошняга ў маёнтку Лiпа пажаў жыта (280 коп) на полi, якое селянiн Глябовiча "наймовал" у селянiна Давойны з дазволу яго ўраднiка (№176).

Ва "Уводзiнах" аўтары закранулi таксама ўсё яшчэ дыскусiйную праблему сутнасцi сялянскага землеўладання ў ВКЛ (LXVII-LXVIII, LXXI). Трактуючы факты зямельных аперацый сялян, асаблiва дзяржаўных ("гаспадарскiх"), з фармальна-дагматычных пазiцый як "рецидивы аллодного права на землю", адзнаку iх уласнасцi, яны, на наш погляд, iстотна памыляюцца. Феадалы, дазваляючы цi дапускаючы iншы раз фактычна такiя аперацыi, асаблiва заклад зямлi, сялян, разам з тым, як правiла, не трацiлi сваё права уласнасцi на зямлю, бо яны па-ранейшаму захоўвалi права атрымання рэнты. Апошняе, а не права распараджэння, з'яўляецца галоўным атрыбутам феадальнага права ўласнасцi на зямлю. Значыць, такiмi аперацыямi сяляне перадавалi толькi права часовага ўладання i карыстання зямлёй, а не права ўласнасцi на яе. Таму насуперак меркаванням некаторых гiсторыкаў, якiя парушэннi сялянамi дзеючага феадальнага права цi выключэннi з яго беспадстаўна прымаюць за права, падобныя факты не могуць служыць доказам права ўласнасцi сялян на зямлю10.

Пра сувязi сялян з рынкам сведчаць, у прыватнасцi, дадзеныя аб iх грашовых даўгах. Так, згодна з запiсам ад 3 красавiка 1542 г., некалькi гаспадарскiх сялян Ваўкавыйскай воласцi былi вiнаватыя слузе пана Апанаса Васiлевiча Трызны ад паўкапы (30) да 4 коп (240) грошаў (№394, 395).

Такiм чынам, у шэрагу спраў 225-й кнiгi Метрыкi ВКЛ маюцца вельмi каштоўныя канкрэтныя звесткi аб розных аспектах становiшча сялян Беларусi ў другой чвэрцi XVI ст.

Варта звярнуць увагу i на некалькi iншых спраў 225-й кнiгi Метрыкi ВКЛ, у якiх ёсць iнфармацыя па некаторых важных пытаннях гiсторыi ВКЛ. Справа ад 5 сакавiка 1540 г. сведчыць пра тое, што жыхары Вiцебскага ваяводства ("зямлi") не лiчылi яго часткай гiстарычнага рэгiёна Лiтва, хаця яно i з'яўлялася адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльна-судова-ваеннай адзiнкай ВКЛ як дзяржавы, або "Литвы" (№210, 266, 363). Разам з тым добра вядома, што ўся ўсходняя частка сучаснай тэрыторыi Беларусi складала асобны гiстарычны рэгiён ВКЛ, якi называўся "Русь"11 .

Вельмi рэдкiя, таму каштоўныя звесткi пра гандаль ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай маюцца ў судовай справе ад 18 мая 1529 г. Амаль пастаянныя войны памiж гэтымi дзяржавамi моцна тармазiлi развiццё гандлёвых адносiн. Аднак у гады перамiр'яў яны аднаўлялiся, бо былi патрэбныя купцам абедзвюх краiн. Адна справа сведчыць, што ў 1527 г. купец Iван Бык з Быхава, мястэчка пана Аляксандра Iванавiча Хадкевiча, вёз за мяжу разнастайны тавар на 28 вазах. У Прапойску чачэрскi i прапойскi дзяржаўца князь Фёдар Мiхайлавiч Вiшнявецкi на падставе праверкi, цi няма на вазах забароненых да вывазу волава i медзi, затрымаў купца да наступнага дня. Аднак той паехаў далей уначы, да таго ж нiбыта не заплацiўшы гандлёвую пошлiну ("мыто"). Слугi князя вярнулi абоз купца. Апошнi, каб пазбавiцца непрыемнай валакiты, вымушаны быў даць князю значны хабар. Але гэтага было мала, i той самавольна ўзяў яшчэ шмат таго, што хацеў. Такi хабар дазволiў купцу ехаць далей, хоць i iстотна абрабаваным.

У маi 1529 г. па загаду вялiкага князя лiтоўскага адпаведную скаргу I. Быка на самаўпраўства князя Ф.М. Вiшнявецкага разглядала судовая калегiя на чале з М.В. Янавiчам. Суддзi, высветлiўшы сутнасць справы, пагадзiлiся з тым, што купец павiнен пацвердзiць свой iск прысягай. Але, на жаль, працягу дадзенай справы ў 225-й кнiзе няма (№116).

Як бачым, апублiкаваная 225-я кнiга Метрыкi ВКЛ з'яўляецца зборнiкам вельмi каштоўных крынiц па гiсторыi ВКЛ, у тым лiку Беларусi як яго значнай часткi. Варта заўважыць, што тэкст арыгiналу рукапiсу кнiгi ў асноўным перададзены добра, хоць i не без шматлiкiх, нязначных для гiсторыка недакладнасцяў. Аднак гэта пакiнем гiсторыкам мовы, якiя больш прафесiйна разгледзяць адпаведны аспект дадзенай публiкацыi.

Аўтары публiкацыi 225-й кнiгi Метрыкi ВКЛ выканалi вялiкую працу, ствараючы да яе "Навукова-даведачны апарат" (59 старонак). Тут ёсць "Уводзiны", "Спiс скарачэнняў да навукова-даведачнага апарату", "Скарачэннi найбольш часта ўжываных назваў крынiц i лiтаратуры", "Прадметна-тэрмiналагiчны паказальнiк", "Iмянны паказальнiк" i "Геаграфiчны паказальнiк". У кароткiх "Уводзiнах" (279-282) кiраўнiк аўтарскага калектыву С.Лазутка абгрунтоўвае свае меркаваннi пра склад навукова-даведачнага апарату i асноўныя прынцыпы складання розных паказальнiкаў. Трэба адразу падкрэслiць, што аўтары свядома адмовiлiся ад некаторых элементаў такога апарату, традыцыйных для навуковых публiкацый крынiц. Нам жа ўяўляецца, што адсутнасць каментараў, храналагiчнага пералiку сабраных для публiкацыi дакументаў i таблiцы ўжо раней апублiкаваных крынiц значна панiжаюць навуковую вартасць дадзенага выдання. Спробу ж абгрунтаваць такую пазiцыю цяжка лiчыць пераканаўчай. У прыватнасцi, "грунтоўныя ўводзiны" нi ў якай ступенi не могуць замянiць неабходныя грунтоўныя тлумачэннi па кожнай справе. Менавiта ў каментары варта было ўключыць i вядомыя аўтарам звесткi пра папярэднiя публiкацыi спраў гэтай кнiгi Метрыкi ВКЛ, тым больш што яны ў аўтараў поўныя. Таму меркаванне аб тым, што, маўляў, "занадта вялiкая раскоша адшукваць публiкаваныя дакументы ў выданнях многiх краiн" (279), мы нi ў дадзеным выпадку, нi наогул прынцыпова не падзяляем.

У цэлым найбольш важныя часткi навукова-даведачнага апарату (розныя паказальнiкi) у асноўным адпавядаюць сучасным патрабаванням да навуковых публiкацый крынiц з Метрыкi ВКЛ12. Яны iстотна дапамагаюць даследчыкам карыстацца дадзенай публiкацыяй. Аднак нельга не звярнуць увагу на iх асобныя прыватныя i агульныя недахопы. Гэта тым больш неабходна, што многiя тэарэтычныя пытаннi зместу i формы розных паказальнiкаў распрацаваны пакуль што вельмi недастаткова.

Пры адборы ў "Прадметна-тэрмiналагiчны паказальнiк" пэўных слоў аўтары кiравалiся толькi адным дапаможнiкам - састарэлым тлумачальным слоўнiкам рускай мовы пад рэдакцыяй Д.М. Ушакова, а не сучаснымi адпаведнымi выданнямi13. У дадзены паказальнiк уключаны толькi тыя словы публiкаваных крынiц, якiя адсутнiчаюць у названым слоўнiку (282). Вiдавочна таксама i тое, што гэты паказальнiк быў бы больш дакладным у тлумачэннi старажытных слоў, калi б яго аўтары выкарысталi i вядомыя слоўнiкi беларускай мовы14. Напрыклад, яны ўслед за I.I.Насовiчам слова "луньский/люнский" тлумачаць як "сукно, ткань из Лейдена" (291). Аднак у этымалагiчным слоўнiку беларускай мовы абгрунтоўваецца яго iншы сэнс: ангельскае сукно з Лондана15.

Найбольш удала складзены "Iмянны паказальнiк", але i да яго ёсць пэўныя прэтэнзii. Так, насуперак крынiцам, аўтары iншы раз даюць лiтуанiзаваную форму прозвiшча вядомых паноў Радзiвiлаў ("Радивил", "Радивилович") - "Радвилы" (280, 321). Але ў рускай мове такога варыянта прозвiшча гэтых паноў не было i няма. Неправамерна аўтары атаясамляюць тытул i сацыяльны статус: выраз "гаспадарскi баярын" вызначае толькi апошняе, а не тытул (281). Уяўляецца, што было б мэтазгодна для асоб, пасады якiх мянялiся, як, напрыклад, у М.В. Янавiча (329), даць у паказальнiку пералiк iх пасадаў з пазначэннем пры кожнай нумароў тых спраў, у якiх яна фiгуруе.

Маючы традыцыйны навуковы iнтарэс да гiстарычна-геаграфiчных аспектаў мiнулага ВКЛ, i перш за усё Беларусi, мы звярнулi асаблiвую ўвагу на "Геаграфiчны паказальнiк" дадзенай публiкацыi. Яго роля для даследчыкаў i iншых карыстальнiкаў выключна вялiкая. Веданне канкрэтнага месца падзей - адна з асноўных умоў адэкватнага разумення зместу крынiцы, але гiстарычныя геаграфiя i картаграфiя, асаблiва гiсторыя населеных пунктаў ВКЛ XVI ст. распрацаваны яшчэ вельмi недастаткова. Таму многiя населеныя пункты, якiя фiгуруюць у крынiцах гэтага стагоддзя без прыкметаў лакалiзацыi, вельмi цяжка iдэнтыфiкаваць. У такiх выпадках выкарыстанне дадзеных адпаведных крынiц праблематычнае або наогул немэтазгоднае.

Складальнiкi "Геаграфiчнага паказальнiка", улiчваючы традыцыi i кiруючыся адпаведнымi метадычнымi рэкамендацыямi16, выканалi вялiкую працу, але, як мы мяркуем, далёка не ўсю, якую трэба было зрабiць. Аўтары сцвярджаюць, што ў паказальнiк уключаны ўсе назвы населеных пунктаў, у т.л. i тых, якiя сустракаюцца ў форме геаграфiчных прыметнiкаў. На падставе апошнiх правамерна ўзнаўляюцца iх назвы ў назоўным склоне (280). Аднак, нягледзячы на гэта, толькi ў Беларусi не зафiксаваны: "Борки" (№299), "Жерино" (ад "жерынцы", №20), "Клепачы" (№224, 226, 292), "Лебеда" (№196), "Лихиничи" (№299), "Лотевичи" (№124), "Олгиновичи" (№299), "Побои" (№261), "Салаты" (№45), "Свислоч" (№307), "Свислоч" (№202), "Свислоч" (№142, 149), "Свислоч" (№207), "Ужынчане" (№21) i "Хорево" (№222).

Акрамя гiстарычных назваў (усiх iх варыянтаў) населеных пунктаў для гарадоў, мястэчак i сёл аўтары звычайна прыводзяць i сучасныя iх назвы (289). Пры гэтым яны, на жаль, не спыняюцца на методыцы iх iдэнтыфiкацыi i не называюць крынiц сучасных назваў. Разнастайныя канкрэтныя звесткi розных спраў аб населеных пунктах выкарыстаны ў паказальнiку, на жаль, без належнага аналiзу, абагульнення i групавання.

У прыватнасцi, у паказальнiку маюцца пазiцыi: 1) "Волковыйск/Волковыск (Волковыск) ..."; 2) "Волковыйская/Волковыская вол. ..."; 3) "Волковыйский/Волковыский пов...."; 4) "Волковыйское/Волковыское место ...". Да першай пазiцыi пададзены нумары спраў, у якiх фiгуруюць "волковыйские" баяры, бурмiстр, войт, воласць, двор, дзяржаўца, людзi, маёнткi, мяшчане, намеснiк, павет, плябан, суддзi, цiвун, харужы i г.д. Нам уяўляецца, што пэўныя звесткi гэтай пазiцыi паказальнiка мэтазгодна было згрупаваць у адпаведныя слоўныя падрубрыкi, каб чытач мог бачыць, якая канкрэтна iнфармацыя ёсць у гэтых справах. Да таго ж, частка такiх спраў не трапiла ў гэтую пазiцыю паказальнiка (№72, 79, 86 i iнш.).

У большасцi спраў, паказаных да другой з названых пазiцый, Ваўкавыйская воласць нават не згадваецца (№ 68, 72, 74 i iнш.). Тое ж у трэцяй i чацвёртай пазiцыях паказальнiка (№ 6, 31, 45, 150, 216, 217 i iнш.). Напрыклад, у справе ад 21 чэрвеня 1542 г. , што разглядалася ў Ваўкавыйску, фiгуруюць "пивоварцы господарские волковыйские", "мещане волковыйские", "державца волковыйский", ваўкавыйскiя двор, войт i цiвун, але не павет (№300). Таму яе ўключэнне ў трэцюю пазiцыю беспадстаўнае.

Такiм чынам, "Геаграфiчны паказальнiк" недастаткова поўны, канкрэтны i дакладны ў сэнсе адлюстравання ўсёй асноўнай гiстарычна-геаграфiчнай iнфармацыi публiкаваных спраў 225-й кнiгi Метрыкi ВКЛ.

Як ужо адзначалася, згаданы паказальнiк складзены ў асноўным у адпаведнасцi з геаграфiчнымi традыцыямi. Але, як паказаў аналiз, ён небездакорны ў многiх аспектах. У паказальнiку адлюстраваны толькi некаторыя iстотныя дадзеныя спраў аб тагачасным становiшчы населеных пунктаў. Звесткi ж пра iх сучасны стан, акрамя назваў, адсутнiчаюць. Да таго ж фармальны алфавiтны парадак пабудовы паказальнiка (280), калi менш распаўсюджаны "арфаграфiчны варыянт" гiстарычнай назвы паселiшча, названага цяпер па-iншаму, становiцца першым i асноўным (напр., "Мосты"), таксама выклiкае сумненнi ў яго мэтазгоднасцi. У гiстарычна-геаграфiчнай цемры такога паказальнiка цяжка арыентавацца нават спецыялiсту. Таму, на наш погляд, геаграфiчныя паказальнiкi ў публiкацыях крынiц ВКЛ XVI ст. павiнны мець iншы, адрозны ад традыцыйнага змест17.

Павысiць iнфарматыўнасць геаграфiчных паказальнiкаў можна наступнымi шляхамi. Па-першае, пры нестабiльнасцi напiсання назваў паселiшчаў у крынiцах ВКЛ i абумоўленай гэтым звычайнай iх шматварыянтнасцi "асноўнымi варыянтамi назвы" у паказальнiку мусяць быць сучасныя найменнi населеных пунктаў (калi гiстарычныя адрознiваюцца ад iх): "Волковыск", а не "Волковыйск", "Правые Мосты", а не "Мосты" i г.д. Ад iншых варыянтаў назвы аднаго i таго ж паселiшча спасылкi даюцца на сучасную. Па-другое, у паказальнiку павiнны быць сцiслыя характарыстыкi сучаснага становiшча населеных пунктаў на падставе адпаведных даведнiкаў18. Акрамя iх назваў па-руску, характарыстыкi павiнны адлюстроўваць наступныя звесткi: тып населенага пункта; адмiнiстрацыйнае значэнне; адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльную прыналежнасць; дзяржаўную прыналежнасць. Усё гэта трэба зводзiць у першую частку пазiцыi. Па-трэцяе, паказальнiк мусiць адлюстроўваць усе iстотныя звесткi публiкаваных крынiц аб тагачасным становiшчы населеных пунктаў: гiстарычная назва (усе варыянты); тып паселiшча; адмiнiстрацыйна-гаспадарчая функцыя; адмiнiстрацыйна-гаспадарчая прыналежнасць; адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльная прыналежнасць; дзяржаўная прыналежнасць; тып уласнасцi. Адпаведныя звесткi выяўляюцца шляхам скрупулёзнага аналiзу дадзеных усiх спраў. Гэты блок iнфармацыi мусiць складаць другую асноўную частку пазiцыi паказальнiка.

Тэксты артыкулаў пра паселiшчы ў геаграфiчным паказальнiку, створаным паводле такiх прынцыпаў, можа мець, напрыклад, наступны выгляд: ВОЛКОВЫСК, ВАЎКАВЫСК, з 1940 г. горад, цэнтр сельсавету i раёну Гарадзенскай вобласцi, Рэспублiка Беларусь. ВОЛКОВЫЙСК, ВОЛКОВЫСК № 6, 68, 72 ..., горад № 6, 90, 147 ..., цэнтр воласцi № 67, 69, 146 ..., "дзяржавы" № 6, 31, 45 ... i павета №140, 143, 146 ..., ВКЛ, дзяржаўная ўласнасць. ПРАВЫЕ МОСТЫ, ПРАВЫЯ МАСТЫ, вёска, цэнтр Мастоўскага сельсавету Мастоўскага раёну Гарадзенскай вобласцi, Рэспублiка Беларусь. МАСТЫ, МОСТЫ № 299, паселiшча Гарадзенскага павету № 196, цэнтр "дзяржавы" № 230, ВКЛ, дзяржаўная ўласнасць.

Неабходна адзначыць, што адразу пасля гiстарычнай назвы Ваўкавыска мы паказваем некалькi нумароў тых спраў разгляданай публiкацыi, у якiх розныя асобы, у т.л. i афiцыйныя, i установы, а таксама iншыя негеаграфiчныя аб'екты (напр., "справы") вызначаюцца прыметнiкам "волковыйские". Гэты прыём дазваляе зафiксаваць усе факты, што маюць дачыненне да населеных пунктаў, а тым самым i ўсе паселiшчы, у т.л. i тыя, якiя фiгуруюць у крынiцах ва ўскоснай форме. Аднак, паўтараем, такiя агульныя, без дэталiзацыi паказальнiкi ўскосных згадак паселiшчаў па сваёй iнфарматыўнасцi значна саступаюць паказальнiкам, што канкрэтна раскрываюць рэч з геаграфiчным прыметнiкам ("волковыйский боярин" № 67, 68, 72...; "волковыйский бурмистр" № 6, 157, 265 ...; "волковыйский войт" № 6, 73, 143 ...; "волковыйский врад" № 6, 202, 203 ... i г.д.).

Акрамя таго, у паказальнiк мы ўключылi i такую вядомую, але не фiгуруючую ў справах 225-й кнiгi адмiнiстрацыйна-гаспадарчую адзiнку, як "дзяржава", рэканструяваўшы яе з назвы яе кiраўнiка - "дзяржаўцы". Гэты метадычны прыём таксама спрыяе больш поўнаму ўлiку населеных пунктаў i асноўных звестак пра iх.

На наш погляд, менавiта такi склад асноўных артыкулаў геаграфiчнага паказальнiка населеных пунктаў з'яўляецца аптымальным па сваёй iнфарматыўнасцi. Разам з тым, адносна айконiмаў ён можа выконваць функцыi каментара.

Такiм чынам, традыцыйныя геаграфiчныя паказальнiкi ў публiкацыях крынiц ВКЛ XVI ст. не адпавядаюць сучасным навуковым патрабаванням. Таму трэба далей распрацоўваць тэарэтычныя пытаннi iх зместу i формы. Прапанаваны варыянт мае на мэце не толькi паўней улiчваць i адлюстроўваць адпаведныя звесткi крынiц, але i iстотна павысiць iнфарматыўнасць геаграфiчнага паказальнiка.

Выданне добра iлюстраванае: ва "Уводзiнах" змешчана 25 копiй розных старонак 225-й кнiгi Метрыкi ВКЛ. На жаль, яны не маюць неабходных подпiсаў. Варта адзначыць i тое, што кнiга выдадзена на добрым палiграфiчным узроўнi, а яе арыгiнальнае знешняе афармленне адпавядае афармленню iншых тамоў дадзенай лiтоўскай серыi публiкацый.

Як вядома, у навуковых гiстарычных установах розных краiн ствараюцца разнастайныя базы дадзеных (БД) па гiсторыi ВКЛ. Напрыклад, у Iнстытуце гiсторыi Акадэмii Навук Беларусi на аснове аналiзу значнай колькасцi публiкацый крынiц створана БД "Корпус дадзеных па гiстарычнай геаграфii Беларусi X-XVI ст. (да Люблiнскай унii 1569 г.)". У ёй зафiксавана 10000 фактаў пра 2500 населеных пунктаў Беларусi. Кожны яе запiс мае 40 палёў разнастайнай iнфармацыi. Завяршаецца таксама стварэнне адпаведных БД на аснове перапiсу войска ВКЛ 1528 г. Вiдавочна, што выкарыстанне такiх БД значна паскорыла б падрыхтоўку, у прыватнасцi, iмянных i геаграфiчных паказальнiкаў да чарговых публiкацый кнiг Метрыкi ВКЛ. Улiк iнфармацыi пра ўжо створаныя адпаведныя БД, а таксама распрацоўку ўмоў карыстання iмi мог бы ўзяць на сябе Iнстытут гiсторыi Лiтвы, якi шырока разгарнуў работу па падрыхтоўцы да выдання чарговых кнiг Метрыкi ВКЛ, да таго ж знаходзiцца ў былой сталiцы ВКЛ, дзе яна ў асноўным i стваралася.

З iншых пажаданняў аўтарам публiкацый крынiц ВКЛ асмелiмся выказаць наступныя. Несумненна, адным з асноўных кампанентаў навукова-даведачнага апарату павiнны быць адпаведныя гiстарычныя карты. Але як гэтая, так i iншыя часткi такога апарату могуць мець належны навуковы ўзровень толькi пры ўмове ўключэння ў асноўны творчы калектыў адпаведных спецыялiстаў з iншых дзяржаў, якiя таксама зацiкаўленыя ў комплекснай публiкацыi крынiц па сваёй гiсторыi. Асобная пагiнацыя "Уводзiн" уяўляецца немэтазгоднай. Вынас нумару кожнай справы на палi кнiгi вiдавочна паскорыў бы iх пошук.

Нягледзячы на пэўныя недахопы чарговай публiкацыi адной з кнiг Метрыкi ВКЛ лiтоўскiмi гiсторыкамi, без перабольшвання можам канстатаваць, што яны здзейснiлi навуковы i працоўны подзвiг. Даследчыкi i ўсе, хто цiкавiцца мiнулым ВКЛ, атрымалi магчымасць карыстацца яшчэ адным зборам каштоўных крынiц па гiсторыi перш за ўсё Беларусi i Лiтвы XVI ст. Тое ж, што тэкст кнiгi надрукаваны на мове арыгiнала ("рускай"), а "Уводзiны" i "Навукова-даведачны апарат" па-руску, робiць гэтую публiкацыю даступнай значна большаму колу карыстальнiкаў, чым кнiгу, надрукаваную па-лiтоўску.

Мiхаiл Спiрыдонаў


Змест нумара | Беларускi Гiстарычны Агляд

Partners:
Face.by Social Network
Face.by