БЕЛАРУСКI ГIСТАРЫЧНЫ АГЛЯД


Том 3 Сшытак 2 (Снежань 1996)

Берасцейскiя чытаннi

У траўнi 1996 г. у Пярэмышлi, Львове i Кiеве адбывалiся чарговыя Берасцейскiя чытаннi, арганiзаваныя Iнстытутам гiсторыi царквы Львоўскай Багаслоўскай Акадэмii. Яны сталi ўжо пятай сустрэчай вучоных, прысвечанай Чатырохсотай гадавiне Берасцейскай царкоўнай унii, праведзенай гэтым iнстытутам. "Менталiтэт, iдэнтычнасць i багаслоўе ў Украiне i Беларусi ў ХVII ст." - так арганiзатары акрэслiлi праблематыку гэтага форуму. З асноўнымi дакладамi выступiлi Барыс Гудзяк (Львоў) "Шляхi ўкраiнскага багаслоўя i духоўнасцi ў ХVII ст.", Франк Сысын (Эдмантан) "Берасцейская унiя i праблема ўкраiнскай iдэнтычнасцi i нацыятварэння", Сяргей Плохiй (Эдмантан) "Берасцейская унiя i новыя канцэпцыi Русi", ды нiжэйпадпiсаны, чый рэферат зваўся "Царкоўная унiя i праблема нацыянальнай тоеснасцi беларусаў у ХVII ст.". Iх апанентамi ў Львове былi Сафiя Сенiк (Рым), Яраслаў Дашкевiч (Львоў) i Пятро Кралюк (Луцк), а ў Кiеве - Наталя Якавенка (Кiеў) i Дзмiтры Караў (Горадня).

У адрозненне ад характэрнага для сучасных канферэнцый шматслоўя i тэматычнага роскiду, гэтая сустрэча адрознiвалася прадметнасцю i карэктнасцю як асноўных дакладаў, так i крытычных выступаў апанентаў. Асаблiва адметным быў выступ Франка Сысына. Адзначу толькi некаторыя з арыгiнальных тэзаў канадыйскага гiсторыка: паваротным момантам гiсторыi фармавання ўкраiнскага народу ён лiчыць заняпад дзяржаўнасцi старой Русi ў XIII-XIV ст.; праваслаўна-культурнае адраджэнне Русi ў канцы ХVI ст. iнiцыявалi мяшчане, якiя першымi i выкарысталi тэрмiн "нацыя" ў дачыненнi да Русi, укладаючы ў яго i этнакультурны сэнс; зародкам палiтычнай нацыi стала "нацыяналiзацыя" казакаў. У ацэнцы Сысына функцыя унii падобная да ролi расколу ў Маскоўскiм царстве. А першая чвэрць ХVII ст. стала самым цяжкiм часам для праваслаўнай царквы. Цiкава, што канцэпцыя маларасiйства нарадзiлася не ў Маскве: мiтрапалiт Барэцкi ў 1624 г. прасiў цара заступiцца за ўкраiнцаў як за "малодшых братоў".

Мушу адзначыць, што "Берасцейскiя чытаннi" падалiся адным з самых канструктыўных i ўдала арганiзаваных навуковых форумаў, на якiх даводзiлася быць. Асобна варта сказаць пра арганiзатараў гэтай канферэнцыi. Iнстытут гiсторыi царквы, iнiцыятарам заснавання i дырэктарам якога з'яўляецца Барыс Гудзяк, iснуе з 1992 г. Яго галоўнай мэтай было i застаецца даследаванне становiшча царквы ў умовах татальнага камунiстычнага рэжыму. За аснову навуковай дзейнасцi маладыя вучоныя бяруць метад "жывой гiсторыi", г.зн. збор вусных сведчанняў ды iх апрацоўку з дапамогай кампутарнай тэхнiкi (папулярная на захадзе oral history). У архiве iнстытута ўжо сабраны многiя сотнi iнтэрвiю святароў, манахаў i мiран, фотакопii матэрыялаў з архiваў КДБ i КПСС. Апрача цэнтральнай даследчыцкай праграмы iнстытут рыхтуе серыю спецыяльных выданняў (у прыватнасцi "Гiсторыю царквы ў Украiне" прафесара Сафii Сенiк i "Крыза i рэформа: Кiеўская мiтраполiя, Царагародскi патрыярхат i генэза Берасцейскай унii" доктара Барыса Гудзяка), стала праводзiць навуковыя канферэнцыi (праграма "Берасцейскiх чытанняў" распачата яшчэ ў 1994 г.), арганiзуе спецыяльныя курсы лекцый для грамадскасцi. Вось прыклад сучаснай еўрапейскай даследчыцкай установы (недзяржаўнай!), якой так бракуе Беларусi.

Генадзь Сагановiч


Змест нумара | Беларускi Гiстарычны Агляд

Partners:
Face.by Social Network
Face.by