БЕЛАРУСКI ГIСТАРЫЧНЫ АГЛЯД


Том 3 Сшытак 2 (Снежань 1996)

Документы Национального архивного фонда Республики Беларусь в Национальной библиотеке и музеях системы Министерства культуры и печати Республики Беларусь: Справочник (Составили О.А.Добычина, В.И.Пташникова. Минск, БелНИИЦДААД, 1995. 167.

Кожны новы гаспадар пачынае з пераўлiку ўласных уладанняў, скарбу i маёмасцi. Так i новая дзяржава. На старонках беларускай публiцыстыкi размовы пра гiстарычную спадчыну, яе багаццi i складаны лёс даўно сталi традыцыйнымi i амаль рытуальнымi. Асаблiва шмат увагi пры гэтым надаецца пытанням пошуку, улiку i выкарыстання беларускiх гiстарычных крынiц i тых каштоўнасцяў, якiя апынулiся за межамi Беларусi. Нi ў якiм разе не адмаўляючы сэнс i змест справы вяртання беларускай гiстарычнай спадчыны на Радзiму, даводзiцца, тым не менш, канстатаваць, што даступнасць iнфармацыi пра склад Нацыянальнага архiўнага фонду Рэспублiкi Беларусь далёкая ад задавальняючай.

Разгляданы даведнiк, падрыхтаваны Камiтэтам па архiвах i справаводству Рэспублiкi Беларусь i Беларускiм навукова-даследчым цэнтрам дакументазнаўства, археаграфii i архiўнай справы (наклад усяго 140 паасобнiкаў), павiнен палепшыць iнфармацыйнае забеспячэнне даследчыкаў беларускай даўнiны. Апрача даведкi па Нацыянальнай бiблiятэцы Беларусi, у iм змешчаны дадзенныя па 9 рэспублiканскiх i 79 абласных музеях i музеях абласнога i раённага падпарадкавання. На жаль, у даведнiку адсутнiчаюць дадзеныя па Вiцебскiм абласным краязнаўчым музеi.

Як i можна было чакаць, не абышлося без недахопаў. У пералiку архiўных матэрыялаў не заўсёды пазначана, што захоўваецца - арыгiнал цi копiя. Найбольшае расчараванне - гэта вельмi сцiплы i сцiслы вопiс дакументаў Аддзела рукапiсаў, рэдкай i старадрукаванай кнiгi (усяго дзве з паловай старонкi тэксту, - практычна столькi ж, колькi пра некаторыя раённыя музеi). Памылкi заўсёды "колюць вока" чытача, тым больш у даведачнай лiтаратуры. Напрыклад, у лiк "молодых учёных АН БССР" уключаны Мiкола Ермаловiч (134), якi нiколi не працаваў y акадэмiчных установах, а вядомая перакладчыца i даследчыца Вера Рыч намаганнямi складальнiкаў чамусцi ператворана ў мужчыну (17). Ёсць рэчы проста мiстычныя. Так, згодна з даведнiкам, у Ваўкавыскiм ваенна-гiстарычным музеi захоўваецца карта 1812 г. "От Нёмана до Москвы", выкананая палкоўнiкам Генеральнага штабу Тамiлiным у 1811 г.

Святая святых кожнага даведнiка - яго паказальнiкi. Гэта ключ да ўсяго, магчымасць атрымаць даведку па даведцы. Складальнiкi зрабiлi мiнiмум, - толькi iмянны паказальнiк, прадметнага i геаграфiчнага няма. Карыстацца iм цяжка, таму што асобы адабраны па нейкiх незразумелых крытэрыях, вiдаць, у залежнасцi ад сiмпатыi складальнiкаў. Так, няма князя Кiшкi, ковенскага епiскапа Крыштапа, многiх аўтараў лiтаратуры, няма Ленiна, Кiрава, Варашылава, Панамарэнкi, затое Сталiн - ёсць. Складаная з'ява з расiйскiмi самадзержцамi: Кацярына II пазначана як "императрица", Лiзавета без нумара - як "царица", спасылка на ўвесь iмператарскi род Раманавых адсутнiчае, хоць у асноўным тэксце ён ёсць (81). Затое апошняму каралю Рэчы Паспалiтай пашанцавала больш за iншых: у паказальнiку ён згаданы двойчы: i як "Станислав Август, король" i як "Станислав Август Понятовский". У пошуках iншага караля, Мiхала Карыбута Вiшнявецкага даследчык трапiць у складаную сiтуацыю, бо ў тэксце пададзена "Висьневецкий", а ў паказальнiку - "Висневецкий", прычым змешчана гэта пад лiтарай "м".

Калi памылкi i недарэчнасцi ў асноўным тэксце можна спiсаць на рахунак не заўсёды высокай квалiфiкацыi супрацоўнiкаў нашых музейных устаноў i неяк дараваць, дык хiбы ў "Указателе имён" цалкам на сумленнi рэдактара выдання i яго складальнiкаў.

Нягледзячы на недахопы, рэцэнзаваны даведнiк дае пэўнае ўяўленне пра склад беларускай архiўнай спадчыны па-за дзяржаўнымi архiвамi Беларусi.

За апошнiя гады архiўная справа Беларусi зведала шмат перабудоў i пераўтварэнняў. Застаецца спадзявацца, што за ўсiмi гэтымi клопатамi не будзе пакiнута праца па iнфармацыйнаму забеспячэнню даследчыкаў. Дастаткова нагадаць пра адсутнасць даведнiка па былому Партыйнаму архiву Iнстытута гiсторыi пры ЦК КПБ. Апрача таго, трэба запускаць i выданне даведачнай лiтаратуры па "другiм крузе". Нагадаю, што, прыкладам, даведнiк па сённяшняму Нацыянальнаму гiстарычнаму архiву Беларусi апошнi раз выдаваўся больш за дваццаць гадоў таму, у 1974 г.

Андрэй Кiштымаў


Змест нумара | Беларускi Гiстарычны Агляд

Partners:
Face.by Social Network
Face.by