БЕЛАРУСКI ГIСТАРЫЧНЫ АГЛЯД


Том 3 Сшытак 2 (Снежань 1996)

Occasional Papers in Belarusian Studies, Nr. 1, 1995, Ed. by James Dingley and Arnold McMillin, School of Slavonic and East European Studies, University of London, 1995. VIII+73.

З 1965 па 1988 г. у Лондане пад патранатам Ангельска-беларускага таварыства i Згуртавання беларусаў Вялiкай Брытанii выдаваўся "Часопiс беларускiх даследаванняў" (The Journal of Byelorussian Studies), якi за амаль чвэрць стагоддзя змясцiў на сваiх старонках нямала цiкавых прац з галiны гуманiтарных навук. Пасля таго, як гэтае выданне перастала выходзiць, у ангельскамоўнай навуковай беларусiстычнай перыёдыцы утварыўся прагал, якi толькi нядаўна запоўнены дзякуючы з'яўленню новай серыi - "Неперыядычных запiсаў беларускiх даследаванняў". Новы перыёдык выйшаў у свет пад рэдакцыяй колiшнiх стваральнiкаў i актыўных аўтараў "Часопiса беларускiх даследаванняў", вядомых славiстаў з Лонданскага ўнiверсiтэту Джэймса Дынглi i Арнольда МакМiлiна. Ва ўступным слове рэдактары паведамляюць, што iх выданне будзе адлюстроўваць "новую сiтуацыю (якая склалася пасля стварэння незалежнай беларускай дзяржавы - С.З.) i граць сваю ролю ў пашырэннi навуковай iнфармацыi пра ўсе аспекты гiсторыi, культуры i сучаснага жыцця Беларусi". У будучынi "Неперыядычныя запiсы..." маюць стаць шматмоўнымi (першы выпуск выключна ангельскамоўны). Рэдактары запрашаюць да супрацоўнiцтва ўсiх навукоўцаў незалежна ад iх навуковай цi палiтычнай арыентацыi.

У першым выпуску "Неперыядычных запiсаў..." пераважае фiлалагiчная праблематыка. У iм змешчаны артыкулы Веранiкi Ду Ф'ю (V.Du Feu) "Тры лiтаратурныя мовы Беларусi", Нiны Тэйлар (N.Taylor) "Беларускiя пейзажы ў раманах Тадэвуша Канвiцкага", а таксама рэцэнзii мовазнаўцаў Майкла Кiрквуда (M.Kirkwood) i Паўла Вэкслера (P.Wexler).Гiстарычныя даследаваннi прадстаўлены ў "Неперыядычных запiсах..." працамi Алега Латышонка "Студэнты з Вялiкага Княства Лiтоўскага перад рэктарскiм судом Кракаўскага ўнiверсiтэту ў 1469-1536" i Дэвiда Саўндэрса (D.Saunders) "Мiкалай Пятровiч Румянцаў i расiйскае адкрыццё Беларусi".

На падставе апублiкаваных у канцы мiнулага стагоддзя рэктарскiх актаў Алег Латышонак узнаўляе побытава-прававое жыццё нараджэнцаў ВКЛ у навучальнай установе, статут якой, нагадвае аўтар, не адрознiваўся ад правiлаў, прынятых у Карлавым, Венскiм, Гайдэльбергскiм цi iншых унiверсiтэтах. Даследчык вызначае агульную колькасць лiцвiноў, iх статус ва ўнiверсiтэце, мясцовасцi, з якiх яны паходзiлi, прыналежнасць да таго або iншага сацыяльнага стану, месцы жыхарства i г.д. Большасць актавых запiсаў звязаны з пазыкамi, закладамi, даўгамi, купляй i продажам, iншыя датычацца боек, сварак i розных iншых здарэнняў. Лiцвiны паўставалi перад судом у якасцi крэдытораў i даўжнiкоў, парушальнiкаў i пацярпелых, упаўнаважаных, паручыцеляў цi сведак пры ўнясеннi запiсаў. Латышонак зазначае, што ў матэрыялах актаў выразна засведчаны заняпад манаскага стылю жыцця ва ўнiверсiтэце. Нягледзячы на пагрозу пакарання, студэнты i бакалаўры часта насiлi цывiльную вопратку. Яны запазычвалiся розным рамеснiкам: ювелiрам, гарбарам, краўцам, цырульнiкам, рымарам. Шкаляры насiлi з сабою зброю, учынялi бойкi, маглi "забыцца" расплацiцца з карчмарамi, як гэта зрабiў нейкi Мацей Лiцвiн, i г.д. Студэнты жылi пераважна ў iнтэрнатах, некаторыя - у iншых памяшканнях унiверсiтэту, пры касцёлах цi ў найманых у горадзе кватэрах. Ладная частка навучэнцаў з ВКЛ жыла ў iнтэрнаце для бедных студэнтаў, якi, такiм чынам, стаўся для iх своеасаблiвай нацыянальнай установай. Шкалярам была ўласцiвая зямляцкая салiдарнасць, якая магла спрыяць з'яўленню этнiчнай свядомасцi. Напрыклад, у актах засведчаны выпадак, калi Эразм з Янова, Вялiкi Якуб з Крашына i Малы Якуб з Кейданаў разам з кракавякам Сымонам Латускiм дражнiлi студэнтаў-мазураў (якiя ў той час лiчылiся асобным народам), вымаўляючы некаторыя словы па-мазурску.

У цэлым, адзначае даследчык, з аналiзаваных матэрыялаў паўстае не асаблiва павучальны малюнак. Паволе колiшнiх падлiкаў С.Александровiча, у апошняй чвэрцi ХV ст. у Кракаве было 46 студэнтаў з Беларусi, i 40 з iх даследчык знаходзiць у актах. На працягу 1470-1535 г. ва ўнiверсiтэце вучылася каля 300 студэнтаў з ВКЛ, з якiх блiзу 70 прыцягвалiся да судовых разбораў. За гэты ж час перад судом паўстала столькi ж студэнтаў з Вугоршчыны, але iх колькасць ва ўнiверсiтэце была амаль у сем разоў большай.

Артыкул выкладчыка гiсторыi з унiверсiтэту ў Ньюкасле-на-Тайне Д. Саўндэрса прысвечаны асэнсаванню акалiчнасцяў, якiя спрычынiлiся да зацiкаўлення Беларуссю з боку вядомага расiйскага дзяржаўнага дзеяча, знанага фундатара гiстарычных штудый графа М.Румянцава. У многiх адносiнах з'яўленне такога iнтарэсу невысветлена, i аўтар артыкула прапануе некалькi сваiх адказаў на гэты конт. Так, Д.Саўндэрс звяртае ўвагу на тое, што асноўнай крынiцай фiнансавых даходаў графа былi беларускiя ўладаннi. Тут, у Гомелi, яшчэ ў 1776 г. ягоны бацька атрымаў вялiкi маёнтак. Маючы рэпутацыю "празаходняга" палiтыка, пасля вайны 1812 г. канцлер М.Румянцаў быў адхiлены ад дзяржаўных спраў, таму ён мусiў рэалiзоўваць сябе па-за рамкамi палiтыкi. З гэтага часу ладную частку свайго жыцця ён праводзiў у Гомелi, i гэта, безумоўна, спрыяла ўсталяванню больш "iнтымных" адносiнаў да беларускага горада. Пасля вайны 1812 г. у iнтэлектуальным асяроддзi Расii франкафiльства аказалася скампраментаваным, i расiяне сталi актыўна фармаваць расiйскi патрыятызм, шукаючы крынiцы культурнага натхнення ва ўласнай спадчыне. З iншых прычынаў зацiкаўлення былога мiнiстра замежных спраў Расii Беларуссю Д.Саўндэрс называе таксама прыклад бацькi, маршала П.Румянцава-Задунайскага (якi пры Кацярыне 25 гадоў быў губернатарам на Украiне i спрыяў многiм таленавiтым украiнцам), апякунства графа над укладальнiкам "Белорусского архива древних грамот", паповiчам з румянцаўскай сядзiбы Iванам Грыгаровiчам i iнш.

Усе пералiчаныя акалiчнасцi, безумоўна, мелi вялiкае значэнне для фармавання беларускiх зацiкаўленняў графа. Сярод разваг аўтара нямала вельмi трапных. Так, напрыклад, звяртаючы ўвагу на асаблiвую ролю лiнгвiстычных крытэрыяў у адраджэнi славянскiх народаў у XIX ст., Д.Саўндэрс надзвычай высока (бадай, нават вышэй, чым беларускiя навукоўцы) ацэньвае ролю "Белорусского архива" у станаўленнi беларускай iдэнтычнасцi. Пэўна ж справядлiва даследчык зазначае, што напружанасць у "польскiх справах" аб'ектыўна рабiла прывабнай для царскiх уладаў канцэпцыю беларускай саматоеснасцi, - што, зрэшты, мела, здаецца, нязначныя вынiкi для беларускага руху. Даследчык не абмiнае пытання, цi быў знаёмы М.Румянцаў з поглядамi на славян нямецкага фiлосафа Ё.Г.Гердэра, зазначае, што архiтэктурная праграма графа ў была значнай меры прадвызначана папярэдняй дзейнасцю яго бацькi, i iнш.

Тым не менш, сёе-тое ў пабуджальных матывах М.Румянцава да "беларускай" дзейнасцi здаецца незразумелым. Сярод сяброў "румянцаўскага гуртка" вельмi шмат было этнiчных нерасiйцаў, людзей, якiя атрымалi адукацыю па-за межамi галоўных расiйскiх унiверсiтэтаў. Магчыма, у апошнiя гады жыцця графа заходнiя ўскраiны iмперыi сталi займаць iстотнае месца ў дзейнасцi гуртка ў тым лiку таму, што тут было больш адпаведных для заняткаў навуковых кадраў. Як суадносiцца уклад М.Румянцава ў аднаўленне беларускага культурнага слою з тым, што магло б быць названа яго разбурэннем? Артыкул Д.Саўндэрса цiкавы i тым, што ён не толькi развязвае некаторыя пытаннi, але i ўздымае новыя.

У артыкуле В.Ду Ф'ю на падставе прапанаваных у 1966 г. Робертам Оцi (Auty) сямi параметраў (кожны з якiх аўтарка дзелiць яшчэ на шэсць) вызначаецца тыпалагiчны профiль беларускай, польскай, рускай i ўкраiнскай моў. Вынiкам працы даследчыцы, сярод iншага, стала таблiца, у якой зафiксавана наяўнасць або адсутнасць у канкрэтных мовах кожнага з 42 падпараметраў. Даць дакладную, "геаметрычна вывераную" класiфiкацыю любой групы лiтаратурных моў надзвычайна складана, бо часам цяжка адназначна "прыпiсаць" канкрэтнай мове тую або iншую якасць. (Напрыклад, для аўтара гэтых радкоў уяўляецца праблематычным сцверджанне, быццам у беларускай лiтаратурнай мове цягам гiсторыi не было зруху дыялектнай базы i -праз гэта - процiстаўленне беларускай i ўкраiнскай моў). Тым не менш выкарыстаная В.Ду Ф'ю методыка вельмi карысная: яна дазваляе паглядзець на любую лiтаратурную мову не толькi праз прызму яе ўласных, iманентных прыкмет, але i праз характарыстыкi, менш уласцiвыя, або i зусiм неўласцiвыя ёй.

Абедзве надрукаваныя ў гэтым нумары рэцэнзii вельмi крытычныя. Пiшучы пра выдадзены ў 1985 г. зборнiк "Русский язык в Белоруссии", М.Кiрквуд адзначае, што мэта выдання кнiгi не вельмi зразумелая, што ў ёй абмiнаюцца ключавыя пытаннi, у кампазiцыйнай пабудове няма логiкi i г.д. Аўтар увогуле лiчыць, што зборнiк "маскiруе ступень ужывання расiйскай мовы ў Беларусi". У рэцэнзii на кнiгу Машэ Альтбаўэра (М.Altbauer) "Пяць бiблейскiх сувояў у габрайскiм перакладзе ХVI ст. на беларускую мову (Вiленскi кодэкс 262)" П.Вэкслер не пагаджаецца з ацэнкай мовы перакладу як беларускай (асаблiва ў сiнтаксiсе). На думку рэцэнзента, кодэкс уяўляе цiкавасць не як узор "ранняй беларускай гутарковай мовы", а як "габрайска-беларускi калькаваны пераклад".

Сяргей Запрудскi


Змест нумара | Беларускi Гiстарычны Агляд

Partners:
Face.by Social Network
Face.by