БЕЛАРУСКI ГIСТАРЫЧНЫ АГЛЯД


Том 3 Сшытак 2 (Снежань 1996)

Лисяк-Рудницьки, Iван, Iсторичнi есе, Т.1-2, Київ 1994. 530, 572.

Гэтае двухтомнае выданне рэпрэзэнтуе першы выпуск заходняй гiстарыяграфii Украiны пад грыфам Цэнтру даследаванняў гiсторыi iмя Пятра Яцыка Канадыйскага iнстытуту ўкраiнскiх праблемаў Альберцкага ўнiверсiтэту. Яно падрыхтавана да друку пры ўдзеле Iнстытуту гiстарычных даследаванняў Львоўскага дзяржаўнага ўнiверсiтэту iмя Iвана Франка, Iнстытуту ўкраiназнаўства Нацыянальнай акадэмii навук Украiны, Навуковага таварыства iмя Т.Шаўчэнкi ў Львове ды Iнстытуту ўкраiнскай археаграфii НАН Украiны.

Iван Лысяк-Руднiцкi (1919-1984) - адзiн з самых знакамiтых гiсторыкаў украiнскага замежжа, прафесар Альберцкага ўнiверсiтэту (Канада), прызнаны спецыялiст у галiне палiтычнай i iнтэлектуальнай гiсторыi Украiны пераважна ХIХ-ХХ ст., таленавiты публiцыст i фiлосаф у галiне гiстарычнага пазнання. Украiнскiя археографы i гiсторыкi сабралi, апрацавалi i пры патрэбе пераклалi з ангельскай на ўкраiнскую важнейшыя працы вучонага, напiсаныя больш чым за сорак гадоў (1943-1984) яго навуковай творчасцi. Заслуга ў падрыхтоўцы i выданнi гэтага двухтомнiка належыць найперш адказнаму рэдактару Франку Сысыну (Канада) i ўкладальнiку Яраславу Грыцаку (Украiна). Грунтоўныя каментары iнфармуюць пра гiсторыю напiсання артыкулаў, падаюць бiяграфiчныя звесткi пра асоб, ствараўшых iнтэлектуальнае асяроддзе Лысяка-Руднiцкага, а таксама некаторыя факты з яго жыцця, якiя дазваляюць лепей зразумець аўтарскую пазiцыю вучонага.

Двухтомнiк Лысяка-Руднiцкага адлюстроўвае ўсе асноўныя накiрункi яго навуковых iнтарэсаў. Гэта даследаваннi пра ўкраiнскiх мысляроў i палiтычных дзеячоў, важнейшае месца сярод якiх займаюць Мiхаiл Драгаманаў i Вячаслаў Лiпiнскi, украiназнаўчыя працы, прысвечаныя фармаванню сучаснай украiнскай нацыi, нацыянальнай самасвядомасцi i нацыянальнаму характару ўкраiнцаў, вызначэнню месца Украiны ў сiстэме еўрапейскай супольнасцi, узаемадачыненням украiнцаў з палякамi, расiянамi i габраямi. Нарэшце, гэта шэраг артыкулаў пра структуру гiсторыi Украiны ХIХ ст., украiнскую iнтэлiгенцыю, Галiцыю пад уладай Габсбургаў, падзеi 1917-1921 г. на Украiне, украiнскi нацыяналiзм, вызваленчы рух пад час другой сусветнай вайны, Украiну ў савецкай сiстэме. Не застаўся без увагi i больш раннi перыяд "княжацкай" i "казацкай гiсторыi".

У цэлым I.Лысяк-Руднiцкi найбольш факусаваўся на праблемах украiнскага нацыянальна-вызваленчага руху i перспектывах набыцця Украiнай статуса вольнай еўрапейскай дзяржавы. З такой праблематыкай зусiм ня проста сцвердзiцца ў сучаснай ангельскамоўнай гiстарыяграфii (усё нацыянальнае выклiкае засцярогу). Але ўкраiнскаму вучонаму ўдаецца зрабiць гэта, бо ён дэманструе ў сваiх даследаваннях незвычайную далiкатнасць, узважлiвасць i дасведчанасць. Своеасаблiвым рэзюмэ да сабраных у гэтым выданнi прац можна лiчыць думку самога аўтара: "...Нацыянальнае толькi тады можа быць здаровым, калi грунтуецца на унiверсальных вартасцях." (Т.2, 331)

Iнiцыятары выдання ўпэўнены, што навуковая спадчына I.Лысяка-Руднiцкага спатрэбiцца новай Украiне, што яна спрычынiцца да фармавання праўдзiвага погляду на ўкраiнскую гiсторыю i стане штуршком для далейшых творчых пошукаў не толькi ў галiне акадэмiчнай навукi, але i ў выпрацоўцы сучаснай украiнскай палiтычнай думкi. Знаёмства з творчасцю Лысяка-Руднiцкага можа мець такую ж карысць i для Беларусi, бо лёсы двух суседнiх народаў у ХIХ-ХХ стагоддзях (ды i раней) былi надзвычай падобныя. Такiя артыкулы ўкраiнскага вучонага, як "Фармаванне ўкраiнскага народу i нацыi", "Чацвёрты унiверсал i яго iдэалагiчныя папярэднiкi", "Савецкая Украiна з гiстарычнай перспектывы", "Русiфiкацыя цi маларасiянiзацыя?" i iнш., вартыя перакладу на беларускую мову i публiкацыi ў Беларусi.

Захар Шыбека


Змест нумара | Беларускi Гiстарычны Агляд

Partners:
Face.by Social Network
Face.by