БЕЛАРУСКI ГIСТАРЫЧНЫ АГЛЯД


Том 3 Сшытак 2 (Снежань 1996)

Rozstrzelany w Katyniu: Alfabetyczny spis 4410 jeсcуw polskich z Kozielska rozstrzelanych w kwietniu-maju 1940, wedщug кrуdeщ sowieckich, polskich i niemieckich / Indeks represjonowanych. T.I. Warszawa: Oъrodek KARTA 1995. 286.

Катыньская бойня ўвайшла не толькi ў гiсторыю Польшчы i Беларусi, яна вядомая ў цэлым свеце. Пачынаючы з II сусветнай вайны катыньскую карту ня раз выкарыстоўвалi ў гульнi палiтыкi i iдэолагi. Першы раз спiсы эксгумаваных ахвяр былi надрукаваны ў 1943 г.1. А апошняя спроба змянiць погляды на катыньскую трагедыю адбылася лiтаральна на нашых вачах у канцы 1996: у тэлевiзiйнай праграме Аляксандра Няўзорава (Расiя, Санкт-Пецярбург) зноў была пушчана ў ход "нямецкая" версiя, прагучала сцверджанне, што НКУС не мела дачыненняў да растрэлу палонных Казельскага канцэнтрацыйнага лагеру, у якiм утрымлiвалiся захопленыя Чырвонай армiяй у вераснi 1939 г. афiцэры Войска польскага, мытнiкi i памежнiкi.

На тэрыторыi Украiны цяпер працуе група польскiх археолагаў з Лодзьскага аддзялення Iнстытуту археалогii i этналогii Польскай Акадэмii навук, якiя вывучаюць пахаваннi ахвяраў НКУС. Пра тое, як польская дзяржава шануе iх памяць, сведчыць i выпуск у 1995 г. камемаратыўнай двухзлотавай манеты "Katyс. Mednoje. Charkow. 1940".

"Растраляныя ў Катынi" - гэта не першая польскай публiкацыя спiсу ахвяр Катынi. Спiсы НКУС у польскай версii ў 1990 г. друкавалiся "Вайсковым гiстарычным аглядам"2, у 1991 г. выйшла праца Енджэя Тухольскага "Забойства ў Катынi"3 з польскай i расiйскай версiямi транспартных спiсаў НКУС. Цягам 1994-95 г. з'явiлася яшчэ колькi менш грунтоўных публiкацый спiсу ахвяр, а крыху раней, у 1989-94 г. змястоўныя бiяграфii растраляных друкавалiся ў "Вайсковым гiстарычным аглядзе".

Дадзеная публiкацыя адрознiваецца дакладнасцю, дасягнутаю дзякуючы неспасрэднай працы з копiямi арыгiнальных спiсаў НКУС. Асобы, пераведзеныя ў iншыя лагеры або звольненыя, былi выкрэслены. Наступная асаблiвасць выдання - кампiлятыўнасць: тут змешчаны падрабязныя звесткi пра загiнуўшых, пашыраныя за кошт iнфармацыi з iншых публiкацый. Так, у спiсе НКУС нiчога няма пра званнi рэзервiстаў: яны запазычаны з публiкацыi "Вайсковага гiстарычнага агляду", а звесткi аб грамaдзянскай прафесii - з працы Е.Тухольскага.

Асобныя бiяграфii выглядаюць наступным чынам:
Бiч
Аляксандр
р.1909
с.Юзэфа
падпаручнiк рэз.
настаўнiк
Касцюк
Антонi
р.1899
с.Тадэвуша
паручнiк рэз.
Рабцэвiч
Ян
р.1897
с.Юзэфа
капiтан
Пiваварчык
Станiслаў
р.1894
с.Яна
капiтан
У прыведзеных прыкладах лёгка пазнаць знаёмыя кожнаму гiсторыку краiны прозвiшчы, носьбiты якiх i цяпер жывуць у Беларусi. Але тое, што ў масавых магiлах Катынi ляжаць падданыя мiжваеннай Рэчы Паспалiтай, а значыць i жыхары заходняй Беларусi, пакуль было па-за ўвагай беларускiх вучоных. У Польшчы чын афiцэра даваўся не па крытэрыях нацыянальнай прыналежнасцi, а ў залежнасцi ад узроўню адукацыi. Не дзiўна, што ў польскiм войску хапала, прыкладам, грузiнскiх афiцэраў-кантрактнiкаў. У спiсе ахвяр бачым безлiч габрайскiх прозвiшчаў - Велеры, Вiдэрманы, Ланды, Ландэсбергi, Нерэнбергi... Уражваюць прозвiшчы афiцэраў Дзяржынскi, Хмельнiцкi (цяжка ўявiць, каб у сталiнскiя часы ў РККА маглi быць афiцэры з прозвiшчамi Гёбельс цi Троцкi). Вiдавочна звязаныя сваiм паходжаннем з Беларуссю прозвiшчы Быхавец, Гродзенскi, Копiсь, Прушаноўскi, Ружаноўскi, Гайноўскi. Добра пазнаюцца ўкраiнска-беларускiя (заходнепалеска-валынскiя) прозвiшчы Вайцюк, Данiлюк, Калафацюк i iнш. У цэлым можна меркаваць, што ў той цi iншай ступенi беларускiмi з'яўляюцца да 20% прозвiшчаў растраляных у Катынi (паводле майго падлiку ў спiсе 3417 асобаў). Гэты спiс вяртае да рэчаiснасцi. Сёння ўжо нельга заплюшчваць вочы i далей не заўважаць сярод катыньскiх ахвяраў нашых землякоў.

Калi ўлiчыць, што дзяржаўнасць II Рэчы Паспалiтай была фактычна лiквiдаваная ў 1939 г., дык растрэльвалiся нават не ваеннапалонныя, а грамадзяне СССР, бо з 1939 г. усе тыя, хто нарадзiўся ў Заходняй Беларусi i Заходняй Украiне, лiчылiся падданымi Савецкага Саюзу. Велiзарная частка растраляных - рэзервiсты. Значыць, калi б не растрэл, яны вярнулiся б да працы як грамадзяне СССР на месцы свайго жыхарства. Нiшчылася iнтэлектуальная элiта: настаўнiкi, юрысты, дактары, фармацэўты, аграномы, ветэрынары, iнжынеры, бiблiятэкары, будаўнiкi, эканамiсты, суддзi... Ёсць сярод растраляных i праваслаўныя ды каталiцкiя вайсковыя святары.

Апублiкаваны спiс сведчыць, што пашыранае ўяўленне пра палiтыку савецкiх уладаў, якая "палягала на жорсткiм вынiшчэннi ўсяго польскага, ачарненню польскай дзяржавы i нацыянальных традыцый i фiзiчным знiшчэннi (...) групаў, слаёў i асобаў, звязаных з польскiмi нацыянальна-дзяржаўнымi традыцыямi"4, вiдаць, крыху спрошчанае. Безумоўна, было i гэта, але каток рэпрэсiяў захапiў значна большае кола людзей. Гэта бачна ўжо з прыведзеных вышэй прыкладаў.

Каму было выгадна знiшчаць iнтэлiгенцыю? Каму было патрэбна ўтрымлiваць экс-вайскоўцаў у лагерах? Адказ просты: тым, хто саджаў новую элiту на далучаных тэрыторыях. Паводле падлiкаў пачатку 1950-х гадоў да 90% кiруючых пасадаў на новадалучаных беларускiх землях займалi выхадцы з Усходняй Беларусi i Расii. У Заходняй Беларусi i нiжэйшыя пасады, звязаныя з кiраваннем, як сцвярджаюць беларускiя даследчыкi, перадавалiся прыхадням: "Больш за палову сакратароў пярвiчных партарганiзацыяў, два з кожных трох камсамольскiх функцыянераў, большасць фiнагентаў, нарыхтоўшчыкаў, працаўнiкоў гандлю - мiгранты, з усходнiх вобласцяў цi з iншых рэспублiк"5.

Здаецца, апрача палякаў толькi габраi не выраклiся сваiх у Катынi: у Iзраiлi iснуе арганiзацыя "Катыньская сям'я", якая брала ўдзел i ў падрыхтоўцы iнфармацыi да тома. Хiба не час стварыць i ў Беларусi арганiзацыю накшталт польскага "Таварыства катыньскiх сем'яў"?

Аўтары публiкацыi ў прадмове пiшуць, што спадзяюцца на метадалагiчныя заўвагi ў разлiку на магчымае другое выданне "Iндэксу". У якасцi пажадання некалькi заўвагаў. Варта падаваць поўную дату нараджэння, што дазволiць даволi дакладна на падставе iмя (у адпаведнасцi са святцамi) вызначаць канфесiю асобы, цi, дакладней, бацькоў асобы. Не толькi спiс каталiцкiх i праваслаўных iмёнаў рознiцца, але розняцца i даты iмянiн з прычыны выкарыстання каталiкамi грыгарыянскага, а праваслаўнымi юлiянскага календара. Аўтары пiшуць пра прыёмы правiльнай перадачы iмёнаў i намаганнях не спольшчыць праваслаўныя iмёны. Але такiм шляхам можна хiба толькi аднавiць правапiс прозвiшчаў i iмёнаў у польскамоўных дакументах на 1939 г. (паслядоўна такi iдэнтыфiкацыйны падыход рэалiзаваны ў нямецкай публiкацыi 1943 г.). Вiдавочна, што спальшчэнне iмёнаў i прозвiшчаў iнтэнсiўна праводзiлася ў вайсковых канцылярыях. Пажадана таксама падаваць iнфармацыю пра месца пражывання асобы цi яе бацькоў (месцы нараджэння).

Хацелася б канчаткова пазбавiцца ад няпэўнасцi пры вызначэннi, кiм была асоба са спiсу, - штатным вайскоўцам цi рэзервiстам. А дзеля гэтага трэба падаваць (асобна) прыналежнасць не толькi да рэзервiстаў, але i да войска. Гэта можна рабiць i ў графе, прызначанай для прафесii рэзервiстаў, калi ў выпадку кадравага афiцэра пiсаць "ваенны". Пры адсутнасцi звестак варта пазначаць гэта, напрыклад, знакам дэфiс. У такiм выглядзе спiс стане больш "празрыстым".

Праўдзiвая iнфармацыя пра знiшчаных мае не адно толькi прыкладное навуковае значэнне, але нясе i вялiкую iдэалагiчную нагрузку. Таму ў наступным варта было б паралельна з кнiжнай публiкацыяй рабiць электронную версiю ў фармаце .dbf цi ASCII-кодах, бо асобныя даследчыкi вымушаны паўтарыць практычна ўвесь шлях публiкатараў пры самастойным стварэннi кампутарнай версii. Ужо сёння, нягледзячы на тэхнiчныя праблемы з-за характэрных лiтар польскага алфавiту, можна паспрабаваць зрабiць даступнай для зацiкаўленых базу дадзеных аб катыньскiх ахвярах праз e-mail Катыньскага iнстытуту ў Польшчы або iншай навуковай установы.

Iван Сiнчук


Змест нумара | Беларускi Гiстарычны Агляд

Partners:
Face.by Social Network
Face.by