БЕЛАРУСКI ГIСТАРЫЧНЫ АГЛЯД


Том 3 Сшытак 2 (Снежань 1996)

IсаЄвiч, Ярослав, Україна давня i нова. Народ, рэлiгiя, культура, Львiв 1996. 332.

Вядомы ўкраiнскi вучоны, акадэмiк Нацыянальнай Акадэмii Навук Украiны Яраслаў Iсаевiч сабраў у гэтай кнiзе ўжо апублiкаваныя i некаторыя новыя артыкулы, датычныя ролi старадаўняй украiнскай культуры ў станаўленнi самасвядомасцi ўкраiнцаў. Ва ўмацаваннi нацыянальнай самасвядомасцi аўтар i бачыць адну са сваiх задачаў.

Аўтар па-новаму вызначае тое, што ёсць "даўняй" украiнскай культурай. На Украiне распаўсюджаны погляд, што "даўнiм" з'яўляецца ўсё да канца XVIII ст. (гэта значыць, да скасавання гетманшчыны i канца панавання Кацярыны II). Яраслаў Iсаевiч прапануе новыя межы, арыентуючыся на заходнееўрапейскую гiстарыяграфiю (падобная праблема, дарэчы, паўстае i перад беларускiмi гiсторыкамi). Калi заходнееўрапейскiя Сярэднiя Вякi скончылiся з адкрыццём Амерыкi ў 1492 г. (найбольш распаўсюджаны погляд), то Iсаевiч прапануе браць за канцовую дату ўкраiнскага Сярэднявечча 1471 г. - скасаванне Кiеўскага ўдзельнага княства i завяршэнне такiм чынам цэнтралiзатарскiх тэндэнцый на ўкраiнскiх землях. Гэтая падзея, безумоўна, мае гiстарычную вагу, аднак тое, што ў вынiку на Украiне Сярэднявечча мiнае раней, чым у Заходняй Еўропе, прымушае насцярожыцца. Цi не засталiся на Украiне iншыя ўдзельныя княствы? Цi не з'яўлялiся iмi пазнейшыя латыфундыi Астрожскiх, Сангушак, Чартарыйскiх, Вiшнявецкiх, хоць i без юрыдычнага статуса ўдзелу? Iсаевiч вылучае i пераходны перыяд у гiсторыi ўкраiнскай культуры ад Сярэднiх Вякоў да Новага Часу. Гэты час ахоплiвае апошнiя дзесяцiгоддзi XV - другую трэць XVI ст. Апошнюю трэць XVI ст., на думку даследчыка, не варта адносiць да Сярэднявечча, з чым можна толькi пагадзiцца.

Цiкавыя падрабязнасцi расiйска-украiнскага дыялогу аб адносiнах да Кiеўскай Русi асвятляюцца ў артыкуле "Праблемы паходжання ўкраiнскага народу: гiстарыяграфiчны i палiтычны аспект". Спрэчкi аб тым, каму належыць гiсторыя Кiеўскай Русi, пачалiся хутка пасля мангольскай навалы на Русь i з'яўлення новых палiтычных цэнтраў. Пачатковая гiсторыя Кiева, як яна адлюстравана ў "Аповесцi мiнулых гадоў", была неабходным кампанентам як у расiйскiх сярэднявечных гiстарычных творах, так i ва ўкраiнскiх. Спрэчкi цягнуцца да нашага часу, пры гэтым выкарыстоўваецца старадаўняя тэрмiналогiя - "старэйшы брат", "малодшы брат". Дарэчы, гэтыя слоўцы таксама маюць сваю гiсторыю, на якой, на жаль, аўтар не спынiўся. Здаецца, упершыню старшынства народаў спрабаваў вызначыць вядомы ўкраiнскi гiсторык Мiкола Маркевiч. У 1 томе ягонай "Гiсторыi Маларосii" (1843) ёсць развагi пра тое, што Русь паўночная - малодшая сястра Русi паўднёвай. Натуральна, з'явiлiся водгукi з другога боку: Маскоўская Русь нiякая не малодшая, а наадварот, старэйшая. Маркевiча ганiлi i ў савецкай Украiне.

Яраслаў Iсаевiч увёў у шырокi навуковы ўжытак малюнкi казацкiх сцягоў XVII ст., што было сапраўды важкiм укладам у станаўленне ўкраiнскай нацыянальнай свядомасцi. Казацкiя сцягi з'яўляюцца адной з адзнакаў дзяржаўнасцi, у сённяшнiм разуменнi - дзяржаўнасцi ўкраiнскай. На тых сцягах сустракаем i блакiтна-жоўтае спалучэнне колераў, i кавалерскi (рыцарскi) крыж, якi, здаецца, уваходзiць у сучасную ўкраiнскую вайсковую атрыбутыку. Згадваецца i герб Багдана Хмяльнiцкага пад традыцыйнай назвай "Абданк". Канешне, падобны герб у польскай геральдыцы сапраўды так завецца, але калi быць больш дакладным, то герб Хмяльнiцкага адпавядае польскай "Сыракомлi" ("Абданк" з крыжам уверсе). Увогуле ж, польская геральдыка тут нi пры чым. Герб Хмяльнiцкага паходзiць са старажытнарускай выявы квiтнеючага крыжа, i толькi навукоўцы XIX-XX ст. iмкнулiся знайсцi яму назву ў вядомай iм польскай тэрмiналогii. З'явiлася i тэндэнцыя падганяць абрысы герба Хмяльнiцкага пад "Сыракомлю". Дарэчы, аналагiчны шлях у пэўны перыяд прайшоў i герб знакамiтага роду Кiсялёў, толькi ў iх квiтнеючы крыж у рэшце рэшт пераўтварыўся ў шацёр з крыжам наверсе.

Навукоўцы ведаюць Яраслава Iсаевiча як аднаго з лепшых знаўцаў праваслаўных брацтваў. Не выпадкова праблема брацтваў знайшла сваё месца i ў рэцэнзаванай кнiзе. Апублiкаваны некалькi невялiкiх даследаванняў па вузкiх напрамках (так званыя разведкi), але як можна пераканацца, зробленыя на высокiм прафесiйным узроўнi, i разведкi не страчваюць з цягам часу навуковай каштоўнасцi. На падставе стараннага аналiзу крынiцаў Iсаевiч паказаў, што брацтвы на Украiне бяруць пачатак толькi з сярэдзiны XVI ст., а знакамiтае львоўскае брацтва было заснавана ў 1586 г. зусiм не з iнiцыятывы патрыярха Якiма, а паводле жадання мясцовага люду.

Пакуль не знайшлося даследчыка ранняй гiсторыi беларускiх брацтваў. Вiдавочна толькi тое, што такiя аб'яднаннi з'явiлiся раней за украiнскiя, але iх характар яшчэ не даследаваны. Акадэмiк Я.Iсаевiч адно згадвае, што вiленскiя беларускiя брацтвы XV ст. былi не парафiяльнымi, а прафесiйнымi, гэта значыць рамеснымi i купецкiмi цэхамi. Можна запярэчыць, што i цэхi мелi шмат агульных рысаў з пазнейшымi рэлiгiйнымi брацтвамi, прынамсi яны ядналiся вакол пэўнай царквы. Гэта дапамагала развязваць прафесiйныя канфлiкты i давала маральную санкцыю на дзейнасць брацтваў. Становiшча даследчыка гэтай праблемы ўскладняецца тым, што ў ВКЛ у XV ст. распаўсюдзiўся прынесены з Польшчы звычай ствараць каталiцкiя парафiяльныя брацтвы.

Вялiкае месца ў кнiзе занялi матэрыялы па кнiжнай справе Украiны i суседнiх краiн. Гiсторыку Я.Iсаевiчу належыць адкрыццё першых украiнскiх гравюраў на медзi. Даследчык увёў у навуковы ўжытак унiкальныя дзённiкавыя запiсы канца XVI ст. Марцiна Груневега з малюнкамi будынкаў Львова i Кiева. Змешчаны таксама некалькi артыкулаў пра даўнюю ўкраiнскую культуру i самасвядомасць на англiйскай, французскай, нямецкай i польскай мовах. Яны носяць абагульняючы характар i многа значаць для азнаямлення заходняга чытача з украiназнаўчымi штудыямi. Значную цiкавасць маюць таблiцы агульнай надрукаванай кнiжнай прадукцыi за 1574-1648 г. За азначаны перыяд на Украiне было надрукавана 366 выданняў. Многа гэта цi мала ў параўнаннi з Беларуссю, сказаць пакуль што немагчыма, бо мы такой статыстыкi яшчэ не маем, адно толькi таблiцу кiрылiчных выданняў за XVI-XVIII ст. Кнiгi Беларусi на польскай, лацiнскай i iншых мовах яшчэ чакаюць свайго статыста.

Працу Яраслава Iсаевiча можна ў пэўным сэнсе разглядаць як узорную. Гэтаксама i ўсю яго плённую дзейнасць на карысць украiнскай навуцы можна лiчыць прыкладнай.

Валеры Пазьнякоў


Змест нумара | Беларускi Гiстарычны Агляд

Partners:
Face.by Social Network
Face.by