БЕЛАРУСКI ГIСТАРЫЧНЫ АГЛЯД


Том 3 Сшытак 2 (Снежань 1996)

Kamiсski, Andrzej Sulima, Republic vs. Autocracy: Poland-Lithuania and Russia, 1686-1697, Cambridge. Massachusetts 1993. 312.

Праца прафесара Вашынгтонскага ўнiверсiтэту Анджэя Камiньскага ўяўляе сабой забяспечанае салiднай крынiцазнаўчай базай параўнальнае даследаванне двух палiтычных светаў - Рэчы Паспалiтай як шляхецкай рэспублiкi (Commonwealth) i аўтакратычнай Расii. Манаграфiю апрача грунтоўных уводзiн складаюць восем раздзелаў: I "Усходнееўрапейскiя супернiкi", II "Прафесiяналы i аматары ў дыпламатычнай гульнi", III "Расiйскiя рэзiдэнты ў Польшчы", IV "Польскiя рэзiдэнты ў Маскве", V "Украiнскi парадокс", VI "Справа Саламона", VII "Прывабнасць сепаратнага мiру" i VIII "Цар Пётр ды элекцыя Аўгуста II".

Аўтар прапанаваў сцiслае, але надзвычай змястоўнае i шматбаковае (ён не абмяжоўваецца дыпламатычнымi стасункамi) асвятленне ўзаемадачыненняў памiж Рэччу Паспалiтай i Расiяй у перыяд ад "вечнага мiру" 1686 г. да абрання каралём саксонскага курфюрста Аўгуста II у 1697 г. Гэтае дзесяцiгоддзе было - як i паказаў аўтар - вельмi важным у гiсторыi Усходняй Еўропы, аднак яно заставалася фактычна па-за ўвагай даследчыкаў. Апублiкавана многа прац па Паўночнай вайне, ёсць спецыяльныя манаграфii па перыяду да 1686 г. i па трактату Грымултоўскага, а тое, што адбывалася памiж iмi, быццам i не заслугоўвала асобнага даследавання. Кнiга прафесара Камiньскага ўдала запоўнiла гэты прагал.

Храналагiчна А.Камiньскi таксама не абмяжоўваецца акрэсленым перыядам i пры патрэбе робiць глыбокiя экскурсы ў гiсторыю фармавання дзяржаўных iнстытутаў ды палiтычных традыцый Рэчы Паспалiтай i Маскоўскага царства. прыём шырокага паралельнага паказу палiтычнай сiстэмы i структуры ўлады ў абедзвюх краiнах сам па сабе арыгiнальны. Такая панарама дазваляе лягчэй заўважыць сутнасць адрозненняў рэспублiкi i абсалютысцкай манархii. Вучоны паказвае i падабенства дзяржаў, але яно фармальнае, малазаўважнае, затое кантраст проста перабiвае ўсё астатняе. Прыкладам, агульнае для Рэчы Паспалiтай i Расii было тое, што i першая, i другая перажылi тады вялiкi ўнутраны крызiс (Смута i Патоп), што абедзве мусiлi ў ХVII ст. мадэрнiзаваць свае ўзброеныя сiлы, што мелi казацтва як фактар унутранай нестабiльнасцi, i iнш. Такога, паўтару, мала, затое адрозненнi, асаблiва што да структуры ўрадаў, сацыяльных iнстытутаў i палiтычнай культуры, моцна ўражваюць. Рэзюмуючы, вучоны пiша: "У Расii аўтакратычны цар сiмвалiзаваў парадак, справядлiвасць, выратаванне i дзяржаву. У Рэчы Паспалiтай свабода ў спалучэннi з правам лiчылася асноватворным прынцыпам. Калi ў Расii за кошт Земскага сабору i праваслаўнай царквы трыумфаваў абсалютызм, у Рэчы Паспалiтай павятовыя соймiкi i шляхецкi народ дамагалiся ключавога кантролю над заканадаўствам i паспяхова стрымлiвалi ўсе спробы павялiчыць прэрагатывы караля. У адрозненне ад расiйскiх памешчыкаў i дзяржаўных чыноўнiкаў, якiя былi паслухмянымi служкамi цара, польскiя шляхцiчы i дзяржаўныя дзеячы адчувалi сябе годнымi грамадзянамi, пераемнiкамi рэспублiканскай спадчыны Рыма" (278).

Аўтар даследавання бачыць залежнасць дыпламатычнай практыкi суседзяў-супернiкаў ад спецыфiкi iх палiтычных сiстэм. Кантроль царскай улады за ўсiм, у тым лiку за пасламi, вызначаў i iх паводзiны, тады як у Рэчы Паспалiтай з яе дэмакратычным ладам дыпламаты не адчувалi так востра адказнасць за выкананне сваiх функцыяў. Прызвычаеныя да сваiх парадкаў, дыпламаты часта аўтаматычна пераносiлi досвед iх краiны на суседнюю. Прыкладам, дамагаючыся пастаўленай задачы, маскоўскiя паслы маглi засяродзiць усе свае высiлкi на асобе караля, хоць у шляхецкай рэспублiцы ён не валодаў такiмi прэрагатывамi, як цар, а камiсары Рэчы Паспалiтай часам iмкнулiся паўплываць на грамадскае меркаванне ў Маскве, хоць там гэта не мела нiякага значэння. Расiйскiя дыпламаты бачылi ворагаў ва ўсiх суседзях i падазрона ставiлiся да ўсялякага сяброўства, i калi iх калегi з Рэчы Паспалiтай ўцякалi ад непрыемных рэалiяў у празмерны аптымiзм, "крамлёўскiя палiтыкi былi закаранелымi песiмiстамi", - пiша вучоны.

Асаблiвае месца ў кнiзе адведзена ўкраiнскiм казакам. На думку аўтара, з моманту з'яўлення казацкай Украiны (1648) да другой паловы ХVIII ст. яна знаходзiлася ў фокусе ўсходнееўрапейскай палiтыкi i мiждзяржаўных контраверсiй (277). i баланс памiж Расiяй i Рэччу Паспалiтай быў парушаны на карысць першай галоўным чынам дзякуючы поспехам маскоўскай дыпламатыi ў змаганнi за лаяльнасць казакаў. У гэтым i тоiцца тое, што вучоны назваў парадоксам: нягледзячы на прывязанасць да свабоды, на тое, што сваiм iснаваннем казакi былi абавязаныя дэмакратычнаму ладу Рэчы Паспалiтай, маскоўскiя аўтакратычныя ўлады маглi лёгка схiлiць iх на свой бок.

Сярод iншага, прафесар Камiньскi абвяргае даўнi кнiжны стэрэатып цара Пятра I як галоўнага "архiтэктара" элекцыi Аўгуста II. Вучоны пiша, што цару гэта спатрэбiлася толькi на апошнiм этапе, калi ён усвядомiў небяспеку шведскага кандыдата (256).

Адзначаныя аўтарам адрозненнi палiтычных сiстэм дзвюх дзяржаў прадвызначалi многае не толькi ў разгледжанае iм дзесяцiгоддзе, але i ў гiстарычных лёсах нашых народаў наогул. Гэта праблема, вартая асобнага даследавання. Калi ў Расii сацыяльных iнстытутаў практычна не iснавала, дык у Кароне i Вялiкiм Княстве яны былi такiя моцныя, што ўраду не ўдавалася правесцi сваю палiтычную праграму. Падкрэслены i розныя ваенна-эканамiчныя патэнцыялы. Ясна, што большыя мабiлiзацыйныя магчымасцi мела царства, у якiм для фармавання армii, заснавання мануфактур i г.д. "дастаткова было аднаго царскага загаду", незалежна ад коштаў i наступстваў. У гэтым сэнсе заўвага прафесара Камiньскага, што пры аналiзе знешнепалiтычных няўдач Рэчы Паспалiтай трэба абавязкова ўлiчваць асаблiвасцi свабоднай супольнасцi яе падданых, цалкам справядлiвая i прынцыпова важная.

Гэтая кнiга вартая ўвагi не толькi таму, што яна актуальная i мусiць трапiць у рукi беларускага гiсторыка. Яна сама па сабе выдатная, i наколькi грунтоўная, настолькi ж лёгка чытаецца, захапляе.

Генадзь Сагановiч


Змест нумара | Беларускi Гiстарычны Агляд

Содержание номера

Partners:
Face.by Social Network
Face.by